Валерый Кавалеўскі: Лукашэнка арганізаваў працэс, і ён нясе адказнасць за наступствы
Міграцыйны крызіс абмеркавалі ў Берліне прэзідэнт Германіі Франк-Вальтэр Штайнмаер і Святлана Ціханоўская. Госць нашага радыё прадстаўнік Ціханоўскай Валерый Кавалеўскі распавёў Уладу Грынеўскаму, якая тэма найбольш хвалюе немцаў цяпер, а таксама чаму Польшча не прымае мігрантаў.
– Безумоўна, тэма мігрантаў хвалюе немцаў найбольш і хвалюе не толькі таму, што мігранты даходзяць да Германіі, але і таму, што гэта тычыцца інтарэсаў Еўрапейскага звязу, а таксама таму, што гэта тычыцца пытанняў дэмакратыі. Бо мігрыцыйны крызіс наўпрост звязаны з тым, што адбываецца ў Беларусі.
– Святлана Ціханоўская казала, што і мігранты, і ўвогуле усе беларусы своеасаблівыя закладнікі Аляксандра Лукашэнкі.
– Тое беззаконне, якое практыкуе Лукашэнка, мы адчуваем кожны дзень і найбольш пасля выбараў 2020 года. Зараз ён гэтаксама выкарыстоўвае мігрантаў, прывозіць іх у Беларусь, каб яны маглі парушыць граніцу, перайсці ў Еўрапейскі звяз, але гэта ён робіць не з гуманітарных нейкіх меркаванняў, а каб нанесці шкоду нашым найбліжэйшым суседзям. Зараз гэтыя людзі апынуліся ў пэўнай пастцы, калі яны самі сабе не прыналежаць, яны вымушаныя рабіць тое, што ім скажуць іншыя людзі. Іх увялі ў зман, калі сказалі „ляціце ў Беларусь і будзе вырашана ваша самая галоўная мара”. І мы бачым, што ёсць і беззаконе і злоўжыванне. Гэтыя людзі не маюць свабоды.
– ЕС і сусветныя лідары ў адзін голас гавораць, што вінаваты ва ўсім Лукашэнка. А ёсць аргумент, які даказвае, што ён ва ўсім вінаваты?
– Я назаву такі аргумент, мігранты гэтыя едуць не ва Украіну, не ў Малдову, а едуць менавіта ў Беларусь. Для таго, каб парушыць мяжу і перайсці ў ЕС. І менавіта Лукашэнка кантралюе сітуацыю ў Беларусі, ён кантралюе і памежныя войскі, і ўзброеныя сілы. Менавіта ён нясе адказнасць за тое, што адбываецца ў нашай краіне і нясе адказнасць за тое, што адбываецца з гэтымі мігрантамі. Калі мы ацэньваем плыні, мы бачым, што мігранты чамусьці едуць у Беларусь. Гэта адна з прыкметаў таго, што Лукашэнка арганізаваў гэты працэс і ён нясе адказнасць за наступствы.
– Палякі кажуць, што не будуць пускаць гэтых мігрантаў, паколькі логіка такая: у іх ёсць беларускія візы, адпаведна яны прыляцелі на першую небяспечную тэрыторыю Беларусь і каб патрапіць на тэрыторыю Еўразвяза, яны мусяць падысці да пагранперахода і падаць прашэнне на статус уцекача. І тут зноўку вельмі важнае гуманітарнае пытанне, чаму палякі не могуць падагнаць аўтобусы і адвезці гэтых людзей у Германію.
– Мы разумеем, што калі сітуацыя будзе развівацца ў гэтым кірунку, калі ўсе тыя, хто жадае перайсці мяжу змогуць трапіць у ЕС, то назаўтра ў Беларусі будзе ўжо не 10-15, а 150 тысяч гэтых мігрантаў. Трэба разумець, што не ўсе тыя людзі, якіх аўтаматычна называюць бежанцамі, з’яўляюцца імі. Вельмі многія – эканамічныя мігранты, якія хочуць пераехаць у ЕС да лепшага жыцця. А гэта іншая гісторыя і іншыя працэдуры. ААН учора прапанаваў мігрантам выбар паміж дзвюмя опцыямі: ці папрасіць статус бежанца ў Беларусі ці вярнуцца дадому. А што да выкарыстання Лукашэнкам мігрантаў, то ёсць шмат доказаў, што рэжым зарабляе на гэтым грошы. Не толькі палітычныя дівідэнды – зрабіць шкоду суседзям за тое, што яны падтрымліваюць дэмакратычныя сілы і беларусаў, але зарабіць на гэтым грошы.
Цалкам размову слухайце ў далучаным аўдыёфайле:
Беларускае Радыё Рацыя