Валерый Мазынскі: Думаю, што „раскачаемся”



Увечары ў Дзень Волі шмат людзей прыйшло ў цэнтр Менску, ад плошчы Перамогі да плошчы Незалежнасці. Яны гулялі ўздоўж праспекту Незалежнасці. Шмат у каго ў руках букеты кветак, бела-чырвона-белыя шалікі ці хусткі. Некаторыя дэманструюць знак перамогі „вікторыя” ці сэрцайкі – сімвал выбарчай кампаніі. Аўтамабілі сігналяць, вітаючы людзей, як і падчас восеньскіх пратэстаў мінулага году.

Сярод тах, хто гуляе, ёсць і вядомыя людзі, напрыклад, рэжысёр Валерый Мазынскі.

– Гуляем па сваім горадзе. Свята, вясна прыйшла. Думаю, што „раскачаемся”.

РР: Тут проста на нашых вачах вуліцы перакрываюць.

– Ну дык усё перакрываецца. Яны акружылі ўвесь горад, паднялі іх на ногі. Яны баяцца, што будуць браць ЦК КПСС, той будынак. А ён нафік каму патрэбны, ужо дзясяткі гадоў нікому не патрэбны. Працуюць. А нам свае справы трэба рабіць.

Неўзабаве міліцыя, АМАП,  якіх сцягнулі ў цэнтр гораду вялікую колькасць, пачала затрымліваць нават гуляючых людзей.

Былі перакрытыя праспекты Незалежнасці і Пераможцаў, дзе было найбольш сігналячых машынаў і шпацыруючых людзей.

Беларускае Радыё Рацыя