Валерый Шчукін: Гэтую ўладу не перавыхаваць…



Праваабаронца Валерый Шчукін распавядае, ці пойдуць беларускія ўлады на рэабілітацыю палітвязняў.

9D240A22-C1F0-4AB4-A192-03D28E79C81E_w900_r1_s

Савет міністраў ЕЗ прыпыніў на чатыры месяцы санкцыі ў дачыненні да Беларусі, але ці будуць санкцыі цалкам адменены, высветліцца ў лютым, калі краіны ЕЗ вернуцца да гэтага пытання.

“У лютым, калі будзе перагляд санкцый, мы разгледзім чатыры групы пытанняў, – паведаміла міністр замежных спраў Эстоніі Марына Кальюранд на канферэнцыі “Рубікон-2015. – Найперш гэта ўсё тое, што будзе з былымі палітычнымі вязнямі на момант перагляду: ці будуць яны рэабілітаваны, якія ў іх будуць правы, што ў прынцыпе будзе адбывацца на момант перагляду з гэтымі канкрэтнымі людзьмі і іншымі палітвязнямі. Па-другое, будзе вельмі ўважлівае стаўленне да справаздачы БДІПЧ АБСЕ аб выбарах, дэталі якой я зараз не хачу абмяркоўваць – хай яны завершаць працу, хай напішуць, як выбары праходзілі. Трэцяя група – усё, што тычыцца свабоды слова і свабоды СМІ. І чацвёртае: якая будзе сітуацыя са свабодай сходаў”.

Валерый Шчукін: Думаю, рэабілітацыі палітвязняў не будзе. Гэта ж уладзе трэба будзе афіцыйна прызнаць, што людзі незаконна ўтрымліваліся ў турмах, цярпелі здзек. Іх неабходна будзе аднавіць у правах ва ўсіх сферах, кампенсаваць матэрыяльны і маральны ўрон за страчаныя гады. Лагічным тады будзе пытанне: за што яны адсядзелі? І хто за гэта збіраецца несці адказнасць? Іншая справа, што еўрапейцы, можа быць, укладваюць у паняцце “рэабілітацыя палітвязняў” нейкі іншы сэнс, пра які мы не ведаем. Дакладна зразумела адно: улада ні на якую рэабілітацыю не пойдзе. Яна і так выпусціла “палітычных” на волю з вялікім скрыжатаннем зубоў. І толькі таму, што неабходна паляпшаць стасункі з Захадам, бо неабходны грошы. Разлічваць на тое, што гэтую ўладу можна змяніць ці перавыхаваць, проста не даводзіцца.

РР: У лютым пытанне санкцый ізноў будзе разглядацца…

Валерый Шчукін: Таму ўлада і вядзе сябе сёння так асцярожна, без асаблівых рэпрэсій у адносінах да актывістаў. Паглядзіце на акцыю ля будынка КДБ – у іншыя часы ізалятар на Акрэсціна ўжо быў бы перапоўнены, а зараз усяго толькі склалі адміністрацыйныя пратаколы, дадуць штрафы. Дарэчы, Мікалай Статкевіч назбіраў ужо дастатковую колькасць спагнанняў, таму ў дачыненні да яго могуць увесці прэвентыўны нагляд. Іншая рэч, ці патрэбна гэта зараз уладзе? Пакуль, сціснуўшы зубы, яна церпіць. Але невядома, колькі гэта будзе доўжыцца.

Кастусь Заблоцкі, Беларусакае Радыё Рацыя

Фота „Свабоды”