Валерый Шчукін: Мяне ўжо нічым не напалохаць
78-гадовы актывіст Валерый Шчукін не выключае, што неўзабаве таксама адправіцца адбываць адміністрацыйны арышт у Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна.
Валерый Шчукін: 19 чэрвеня ў Фрунзенскім судзе Менска мяне будуць судзіць за ўдзел у пікеце па зборы подпісаў, так што не выключана, што таксама кінуць на “суткі”. Як быццам я бегаў на тым пікеце з нейкімі лозунгамі і нешта крычаў, хаця такога і не было.
Але шчыра скажу – не баюся. Ведаю, што зараз у ізалятары стварылі для палітычных вязняў нечалавечыя ўмовы ўтрымання, але мяне ўжо не напалохаць нічым.
І, калі, скажам, захочуць падняць ноччу з ложка, то для супрацоўнікаў ЦІПа гэта будзе праблемай. Давядзецца ўжываць дубінкі, бо сам я ўставаць не буду.
РР: Чаму зараз у ізалятары ідзе такі моцны ціск на “палітычных”?
Валерый Шчукін: Улада ведае толькі адзін метад дыялогу са сваімі апанентамі – праз запалохванне. Іншай мовы яны не ведаюць і не прымаюць.
Але, напрыклад, мне ўзрост ужо не дазваляе палохацца. Я ўжо перажыў столькі прэзідэнцкіх кампаній, на свае вочы бачыў столькі рэпрэсій у рознай форме, што здзівіць нечым ужо немагчыма.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота з сайта Prava.vitebsk.cc