Валерый Сляпухін: У такі спосаб пазмагаюся за 28 гектараў “зялёнай зоны”



Сябра Руху “За свабоду” з Гомеля Валерый Сляпухін падаў дакументы на рэгістрацыю ў якасці кандыдата ў дэпутаты.

Паводле прэтэндэнта, ён не верыць у справядлівыя выбары, але ў выпадку рэгістрацыі ён працягне барацьбу за захаванне 28 гектараў “зялёнай зоны” ў ваколіцах вуліцы Юбілейная.

– У нас ёсць прызначаныя дэпутаты, у нас ёсць прызначаны ўрад, прызначаныя міністры. У нас няма мясцовага самакіравання. У нас не любяць альтэрнатыўную думку, якая супярэчыць афіцыйнай. Я, на жаль, вельмі часта выступаю супраць афіцыйнай думкі, і мне здаецца, што гэта дае раздражненне не толькі на месцах, але, я думаю, што і дзе-небудзь у Менску. Мне здаецца, там такія людзі не патрэбныя.

Валерый Сляпухін мае намер балатавацца па 31-й Гомельскай-Юбілейнай акрузе. Адной з праблем гэтай акругі з’яўляецца імкненне гарадскіх уладаў забудаваць тэрыторыю ў ваколіцах возера Бабрыха і вуліцы Юбілейнай. Многія мясцовыя жыхары выступаюць супраць гэтых планаў, паколькі непакояцца з-за магчымага пагаршэння экалагічнай сітуацыі ў раёне. Супернікам Валерыя Сляпухіна будзе цяперашні кіраўнік Чыгуначнай раённай адміністрацыі Гомеля Віталь Уткін.

Беларускае Радыё Рацыя