Валерыя Білібуху затрымалі на беларуска-украінскай мяжы
Сябра аргкамітэта партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя, дэмакратычнага кандыдата з Бярозаўскага раёна Валерыя Білібуху затрымалі на беларуска-украінскай мяжы пасля вяртання з Украіны. Мытнікі запрасілі Білібуху на дадатковы дагляд у так званыя “боксы”. Але іх не цікавілі сумкі з таварам або бел-чырвона-белая стужка на машыне.
Іх зацікавіла літаратура ў машыне, кажа адзін з папутчыкаў Валерыя Білібухі:
– Яны пераглядалі газеты, у машыне ляжалі газеты ўкраінскай партыі Свабода, якую раздаюць бясплатна. Там інфармацыя пра выбары, пра палітыку. Яе ўважліва перачыталі, відаць, шукалі, каб там экстрэмізму не было. Таксама зацікавіла іх дакументацыя з устаноўчага з’езду БХД.
Асабліва ўважліва пераглядалі спіс сябраў нацыянальнай рады БХД. Распыталі, ці зарэгістраваная партыя, потым некаму званілі і сказалі, што пойдуць у будынак, каб перачытаць. Усё вярнулі назад, але Білібуху ўдалося даведацца, што гэта рабілася па камандзе зверху і так будзе цяпер заўжды.
Беларускае Радыё Рацыя