Валерыю Задалю споўнілася б 65 гадоў
Гарадзенскаму нацыянальнаму дзеячу, журналісту Валерыю Задалю 15 сакавіка споўнілася б 65 гадоў. Яго ўжо няма амаль 11 гадоў, але добрым словам яго памятаюць і былыя калегі, і сябры грамадскага сектара Гародні. Кажа Мікалай Таранда – былы старшыня клуба „Паходня”.
– Задаля са мной і сваімі кінарэжысёрамі ездзіў у Вільню, мы здымалі ўсіх беларусаў віленскіх: Лявона Луцкевіча, Зоську Верас, Хведара Нюньку. Пры жыцці ён паспеў яшчэ выдаць і пра Белакоза нейкія кніжачкі. Вельмі хутка выдаваў, нібы адчуваў, што вось-вось расстанецца з гэтым светам. Таму ў мяне пра яго захаваліся вельмі добрыя і цёплыя ўспаміны.
Асабістыя рысы характару Валерыя Задалі не дазвалялі яму прыстасоўвацца, ён быў шчыры нацыянальны дзеяч, які ўсе сілы аддаваў беларускай справе, пакуль жыў. Таксама шмат сілаў аддаваў маладым журналістам, згадвае Вітаўт Руднік:
– Вельмі часта яго імпэт, эрудыцыя былі вельмі карысныя для многіх маладых журналістаў, якія вучыліся ў нас. Я, безумоўна, успамінаю яго вельмі цёплымі словамі. Ён памёр незадоўга да выпускнога чарговага набору Школы маладога журналіста, і для нас гэта быў шок. Я ўспамінаю яго вельмі цёпла дзякуючы менавіта таму, што гэта сапраўды быў вельмі энергічны чалавек, які шмат чаго зрабіў для беларушчыны ў нашым горадзе. Гэта яго праца над рознымі краязнаўчымі, выдавецкімі праектамі, якой ён займаўся апошнія гады. Гэта не магло не ўражваць: складвалася ўражанне, што чалавек увогуле не спіць.
Валерый Задаля пасля сябе пакінуў шэраг краязнаўчых выданняў, прысвечаных Гарадзеншчыне, усцяж імкнуўся да падвышэння прафесійнага ўзроўню незалежных журналістаў, быў нацыянальным патрыётам. Такім памятаюць яго калегі.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня