Валянцін Стэфановіч: Будзем апрацоўваць справаздачы



Самае распаўсюджанае парушэнне падчас галасавання ў дзень мясцовых выбараў – гэта галасаванне па месцы знаходжання выбаршчыка, кажа прадстаўнік праваабарончага цэнтра „Вясна” Валянцін Стэфановіч:

– Паведамляюць з некаторых месцаў, з Магілёва ў прыватнасці пра тое, што камісіі са скрынкамі па кватэрах, а выбаршчыкі заяўляюць, што яны іх не выклікалі. Гэта сведчыць пра парушэнне працэдуры парадку арганізацыі гэтага віду галасавання. Мы чакаем падліку галасоў, а 20-й гадзіне закрыюцца выбарчыя ўчасткі, будзем апрацоўваць справаздачы па выніку назірання за працэдурай падліку галасоў.

Канчатковыя вынікі назірання будуць прадстаўлены на прэс-канферэнцыі ў Менску „Праваабаронцы за свабодныя выбары”, якая адбудзецца ў Менску 19 лютага. Але ўжо зараз бачна, што беларускія выбары знаходзяцца вельмі далёка ад еўрапейскіх стандартаў, якія прадугледжваюць празрыстасць, адкрыты падлік галасоў, роўныя правы кандыдатаў і іншыя дэмакратычныя прынцыпы, дадаў Валянцін Стэфановіч.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск