Валянцін Стэфановіч: Надрукавалі брашуру з рашэннем Камітэта па правах чалавека
Праваабарончы цэнтр „Вясна” надрукаваў рашэнне Камітэта па правах чалавека ААН адносна справы Уладзіслава Кавалёва. Ён разам з Дзмітрыем Канавалавым быў прызнаны вінаватым у тэрарызме, у тым ліку ў выбуху ў Менскім метро 11 красавіка 2011 году. Кавалёў і Канавалаў 30 лістапада таго ж году прыгавораны да выключнай меры пакарання. Ужо ў сакавіку 2012 году прысуд быў прыведзены ў выкананне.
Па словах намесніка старшыні праваабарончага цэнтру „Вясна” Валянціна Стэфановіча, Камітэт па правах чалавек ААН, куды звярнулася Любоў Кавалёва, вынес рашэнне па справе яе сына.
– Прызнана парушэнне яго права на жыццё. Беларусь, як вядома, не выконвае рашэнне КПЧ і нават у той частцы, дзе гаворыцца пра давядзенне рашэння КПЧ да грамадскасці праз друк гэтага рашэння ў СМІ. На жаль, наш урад і гэтага не зрабіў. Таму мы, праваабарончы цэнтр “Вясна”, дапамаглі маці Кавалёва і надрукавалі гэтае рашэнне ў выглядзе асобнай брашуры-улёткі.
Зараз гэта рашэнне Камітэта па правах чалавека ААН валанцёры „Вясны” плануюць распаўсюдзіць сярод насельніцтва Беларусі. І такім чынам выканаць тую працу, якую павінен быў зрабіць урад Беларусі, – падкрэсліў Валянцін Стэфановіч.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя