Валянцін Стэфановіч: У нас цяжка давесці, што была прымусовая праца
Пракуратура Менскай вобласці не знайшла падстаў для праверкі і прыняцця мераў з нагоды заявы пра незаконнае прыцягнення работнікаў да прымусовай працы на чатырох суботніках запар.
«Удзел у правядзенні названых мерапрыемстваў з’яўляецца дабраахвотным, што пацвярджаецца характарам фармулёўкі распараджэння — прапанова», — адказала абласная пракуратура праваабаронцу «Вясны» Валянціну Стэфановічу.
– Пракуратура, па-першае, вельмі вузка трактуе беларускае заканадаўства, паколькі Працоўны кодэкс гаворыць, што прымусовая праца – гэта толькі праца пад пагрозай прымянення гвалтоўных дзеянняў. Такое можа недзе ёсць у свеце, а ў Беларусі дакладна няма. Ніхто з бізуном там не стаіць, не заганяе дубінай, не змушае працаваць пад пагрозай нейкіх іншых негатыўных наступстваў – звальнення з працы, не працягнення кантракту і г.д.
Валянцін Стэфановіч звяртаўся ў пракуратуру Менскай вобласці, каб тая правяла праверку і выявіла факты незаконнага прыцягнення работнікаў да прымусовай працы, высветліла, хто даў такія распараджэнні, і прыцягнула вінаватых да адказнасці, паведамляе сайт праваабарончага цэнтру «Вясна».
У Беларусі патрабуюць працаваць у асобныя суботы і аддаваць прыбытак за гэты дзень на фінансаванне дзяржаўных патрэбаў. Калі хто адмаўляецца ўдзельнічаць у суботніках, яму пагражаюць грашовым штрафам. Таксама ў Беларусі рэгулярна накіроўваюць на ўборку ўраджаю школьнікаў, студэнтаў, настаўнікаў, работнікаў бюджэтных установаў і нават вайскоўцаў.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя