Валянцін Стэфановіч: Улады спачатку назіралі, а цяпер пачалі дзейнічаць



 

 

Улады пераследуюць актыўных абаронцаў Курапатаў. У Менску затрымалі Сяргея Пальчэўскага і прысудзілі 10 сутак. Менавіта Пальчэўскі ў лютым прыкаваў сябе кайданкамі да грузавіка, і пасля гэтага будаўнічыя працы ў ахоўнай зоне Курапатаў былі спыненыя. Намеснік старшыні праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч звязвае затрыманне актывіста з медыйнай кампаніяй ў дзяржаўных СМІ па дыскрэдытацыі пратэстаў у Беларусі, і нагадвае, што ўлады падчас непасрэднага супрацьстаяння ў Купапатах – амаль ніяк на яго не рэагавалі:

– Назіралі за гэтым, што адбываецца, не ўмешваліся, хаця ўвесь час там прысутнічалі супрацоўнікі праваахоўных органаў, яны ажыццяўлялі аператыўныя відэаздымкі. Устанавіць асобаў, якія прымалі ўдзел у пратэстах, для іх, канешне, не складана. Цікава, што менавіта зараз гэта распачалося. А распачалося гэта, як мне падаецца, пасля шэрагу праграмаў на беларускай тэлевізіі. І мы бачым, што пачалася прапаганда ў лепшых старых традыцыях беларускай тэлевізіі, калі яны палохаюць грамадзянаў.

Сёння таксама спрабавалі затрымаць ініцыятара абароны Курапатаў, лідара «Маладога фронту» Змітра Дашкевіча. Але ён змог пазбегнуць затрымання.

Цягам 15-ці дзён актывісты пратэставалі супраць чарговай забудовы непадалёк мемарыяльнага комплексу «Курапаты», пратэст спынілі ў панядзелак, калі забудоўшчык адмовіўся ад сваіх планаў.

***

Улады спрабуюць знізіць сацыяльную актыўнасць насельніцтва, звязаную з дзеяннем Дэкрэта №3 аб сацыяльным утрыманстве, – паведамляюць беларускія праваабаронцы. “Дзеля гэтага выкарыстоўваюцца запалохванні і папярэджанні, штрафы і арышты, змяшчэнне ў псіхіятрычную лякарню, затрыманні і ператрусы”, – чытаем на сайце правабарончага цэнтру “Вясна”.

“Улады за пратэстамі спачатку назіралі, а цяпер пачалі дзейнічаць так, як умеюць”, – сказаў у нашым эфіры праваабаронца Валянцін Стэфановіч:

– Апасаюся, што ўлады зробяць больш простыя крокі для іх – паспрабаваць збіць хвалю гэтых пратэстаў шляхам больш жорсткіх рэпрэсій. Хаця тут трэба сказаць, што сацыяльная база пратэстаў змянілася. Выходзяць на іх людзі, якія не заангажаваныя ў нейкіх апазіцыйных колах, партыях і рухах, а сапраўды тыя, хто даведзены да адчаю і абураны гэтым дэкрэтам.

Наступныя акцыі супраць дэкрэту пра дармаедаў пройдуць у пятніцу ў Маладэчне, у суботу – ў Пінску, і ў нядзелю два маршы – у Бабруйску і Рагачове.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя