Валянцін Стэфановіч: Ёсць падазрэнні аб выкарыстанні катаванняў у СІЗА КДБ
Праваабарончы цэнтр „Вясна” звернецца да Генеральнага пракурора Беларусі ў сувязі з інфармацыяй аб выкарыстанні катаванняў і бесчалавечых відаў абыходжання да фігурантаў рэзананснай справы аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў і стварэнні незаконнага ўзброенага фармавання.
„У межах сваіх паўнамоцтваў Генеральны пракурор можа праверыць факты, якія з’явіліся ў інтэрнэце і сродках масавай інфармацыі,” – сказаў юрыст „Вясны” Валянцін Стэфановіч:
– Генеральны пракурор мае права наведваць месцы ўтрымання пад вартай асобаў, сустракацца з імі, каб такая праверка была праведзена, бо гэтая справа мае вялікі грамадскі рэзананс. Да таго ж у 2011 годзе была агучана Алесем Міхалевічам інфармацыя пра выкарыстанне катавання і недазволеных метадаў падчас яго знаходжання ў СІЗА КДБ. На нашу думку, гэтая інфармацыя пацверджанне сваё атрымала, таму ў нас ёсць падставы меркаваць, што і зараз у дачыненні да асобаў, якія там утрымліваюцца, могуць выкарыстоўвацца такія недазволеныя метады.
Раней розныя крыніцы паведамілі, што затрыманага ў сакавіку, напярэдадні Дня Волі ў Менску і абвінавачанага ва ўдзеле ў падрыхтоўцы масавых беспарадкаў Сяргея Кунцэвіча, які зараз знаходзіцца ў СІЗА КДБ, нібыта катавалі элекрашокерам.
З іншага боку, непасрэднай інфармацыі ад саміх фігурантаў гэтай справы, якія былі вызваленыя раней ці ад іх адвакатаў аб катаваннях, у праваабаронцаў пакуль што няма. Калі такая інфармацыя з’явіцца, яна будзе адразу агучана, – сказаў Валянцін Стэфановіч.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя