Валянцін Стэфановіч: Прымусовая праца забароненая Міжнароднымі канвенцыямі



Намеснік старшыні праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч лічыць, што калі дзяржава хоча кантраляваць ценявыя прыбыткі грамадзянаў і ўхіленне ад аплаты падаткаў, то неабходнасці ў стварэнні дэкрэта аб дармаедах няма.

„Для гэтага ўжо ёсць адпаведны Падатковы кодэкс і падатковая інспекцыя. Калі ж мець на ўвазе асобаў, якія ўвогуле не працуюць, то пытанне – адкуль тады яны возьмуць грошы? – задае пытанне праваабаронца.

– Гэта класічная прымусовая праца, гэта недапушчальна, гэта антыканстытуцыйна. На жаль, Беларусь ідзе ў зусім іншы бок ад тых рэкамендацыяў Камітэта ААН па эканамічных, сацыяльных і культурных правах, якія рэкамендуюць ўраду Беларусі адмовіцца ад элементаў прымусовай працы, такіх як ЛТП. Але мы рухаемся яшчэ далей. Прымусовая праца забароненая Пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах і Міжнароднымі канвенцыямі МОТ.

Нявыплата або няпоўная выплата збору на дармаедаў згодна з дэкрэтам Аляксандра Лукашэнкі цягнуць накладанне штрафу ў памеры ад 2 да 4 базавых велічынь або адміністрацыйны арышт з абавязковым прыцягненнем да выканання грамадска карысных работ.

Дэкрэт уступае ў сілу пасля яго афіцыйнага апублікавання.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя