Валянцін Цішко: Надалей я кандыдат і нават агітую



„Надалей я кандыдат і нават агітую,” – кажа Валянцін Цішко, апазіцыйны кандыдат па Маладэчанскай гарадской выбарчай акрузе № 72. І ўсё з-за не паваротлівасці выбарчай камісіі, так ён кажа.

Калі апазіцыянераў здымалі з выбараў па прычыне таго, што яны не пайшлі своечасова ў адпачынак, Валянцін Цішко не збіраўся сыходзіць у яго. Ён спасылаўся на выбарчае заканадаўства, дзе прапісаная магчымасць адпачынку, а не абавязак. За гэта ён атрымліваў папярэджанні, але справу выбаркам да канца не давёў. Валянцін Цішко ўсё яшчэ кандыдат.

– Хутчэй за ўсё проста зацягнулася справа. Бо тая ж самая акруговая камісія цудоўна разумее, што нават калі яны сёння прымаюць рашэнне мяне зняць, то ў мяне ёсць трое сутак на абскарджванне ў абласной, затым трое сутак на абскарджванне ў абласным судзе, пасля ў Вярхоўным судзе. Не паспяваюць яны завяршыць гэтую працэдуру да канца выбараў. Я думаю, таму і не пачынаюць яе. Махнулі, хай будзе, што будзе.

Асноўны дзень галасавання на выбарах у Палату прадстаўнікоў Беларусі – 17 лістапада. Беларусы абяруць 110 дэпутатаў. Паводле заканадаўства кандыдата могуць выкрэсліць з бюлетэня нават 17 лістапада, а галасы пададзеныя за яго падчас датэрміновага галасавання прызнаюцца несапраўднымі.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя