Валянціна Быкава – у цяжкім стане
Сястра Васіля Быкава, на якую быў здзейснены напад, знаходзіцца ў цяжкім стане. Пра гэта паведаміў журналіст і грамадскі актывіст Глеб Лабадзенка. Ён звязаўся з рэанімацыяй Вушацкай лякарні. Інфармацыю даваць адмовіліся, сказалі толькі, што стан Валянціны Быкавай цяжкі.
Яшчэ раней Глеб Лабадзенка пісаў, што ў пятніцу зранку Валянціна Уладзіміраўна пачула нейкі шум у бакоўцы, выйшла паглядзець – і ў гэты момант атрымала моцны ўдар. Нападнік зламаў ёй некалькі рабрынаў і руку. Быкава здолела выклікаць хуткую, цяпер яна ў рэанімацыі Вушацкай лякарні. У яе ўжо былі следчыя, міліцыя і кіраўніцтва раённага выканкама. Удар быў ззаду, таму яна не пабачыла і не запомніла нападніка. Як сказала суседка, з хаты нічога не прапала – нападніка нешта спужала, і ён уцёк.
У ліпені Валянціне Уладзіміраўне споўніцца 90 год.
Беларускае Радыё Рацыя