Валянціна Каваленка: З 2004 года ўлада спрабуе знішчыць маю сям’ю
Жыхарка Бабруйска Валянціна Каваленка прыйшла да будынку адміністрацыі прэзідэнта Беларусі ў Менску з плакатам, каб публічна звярнуўшыся да кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі за дапамогай.
Ужо доўгія гады яна змагаецца за правы свайго асуджанага сына, які адбывае пакаранне ў калоніі №22 „Воўчыя норы”. У чарговы раз жанчына прыехала на прыём у адміністрацыю прэзідэнта, які ажыццяўляў дзяржсакратар Савета бяспекі Станіслаў Зась. Але ў сустрэчы ёй была адмоўлена. Тады яна вырашыла звярнуцца да кіраўніка Беларусі наўпрост.
– Я вымушана стаць з плакатам, таму што маю сям’ю з 2004 года, як затрымалі майго сына, спрабуюць знішчыць. Мой муж адстойваў правы свайго сына. Патрабаваў перагляду яго справы. Спачатку пагражалі. Затым пасадзілі. Спрабавалі пасадзіць і мяне. І дзякуючы толькі грамадзянскай ініцыятыве «Супраць беззаконня ў судах і пракуратуры» я на свабодзе. І муж быў апраўданы. Зараз мне помсцяць, і сыну майму.
Як сказала Валяціна Каваленка, ўжо ў 2015 годзе яе сыну рэжым утрымання мог быць заменены на больш мяккі. Аднак па надуманых прычынах гэтага не адбываецца, — сцыярджае жанчына. Яна неаднаразова сустракалася з кіраўніцтвам дэпартаменту выканання пакаранняў МУС, з першым намеснікам кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта Максімам Рыжанковым, кіраўніком адміністрацыі Наталляй Качанавай. Аднак яе скаргі з адміністрацыі перасылаліся тым, на каго яна скардзілася — у Міністэрства ўнутраных спраў і дэпартамент выканнаня пакаранняў. Адказы адтуль, па яе словах, былі фармальнымі і базаваліся на фальсіфікаваных звестках.
Беларускае Радыё Рацыя