Валянціна Тарасюк: Цяпер ставіліся больш жорстка



Бярозаўская міліцыя працягвае дэманстраваць антынародны твар. Ужо год як гэтая кішэнная служба ўзурпатара дзейнічае антызаконна ў адносінах да грамадзян, што выступілі публічна супраць фальсіфікацый на выбарах у жніўні 2020 года.

Яны хапаюць без віны і не па адным разе, хто прайшоў праз артыкул 23.34 і кідаюць у засценкі ізалятара часовага ўтрымання, дзе ствараюць антычалавечныя ўмовы, кажа жыхарка Белаазёрска Валянціна Тарасюк:

– Перад памяшчэннем у камеру распранаюць, прымушаюць прысядаць, дагала распранаюць. Усе рэчы забралі, абшукалі літаральна ўсё. Супрацоўнік ІЧУ сказаў, што мне нічога нельга акрамя зубной пасты, зубной шчоткі, мыла. Ваду дазволілі ўзяць з сабой. Больш нічога не дазволілі, павялі ў камеру. Я была раней, яшчэ ў лютым мяне затрымлівалі. Цяпер ставіліся больш жорстка, сказалі, што пасцель будзе а дзясятай, што можна сядзець за сталом, можна хадзіць па камеры, больш нічога.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Паводле Валянціны Тарасюк, матрас забіралі ў 6 гадзін раніцы, а вярталі ў 22. Калі, седзячы на лаўцы, паложыш галаву на стол, раздаваўся стук у дзверы. Пяць разоў у суткі абшуквалі, з іх два разы – уначы. Пасля трох сутак адпусцілі, склалі перад гэтым толькі пратакол апытання.

Тарасюк будзе абскарджваць свае незаконнае затрыманне і ўтрыманне 72 гадзіны ў ізалятары часовага ўтрымання Бярозаўскага РАУС у нялюдскіх умовах.

Беларускае Радыё Рацыя