Валярына Кустава: By_Help арганізаваў маю тэрміновую эвакуацыю
І нават па балотах. Так пра свой выезд з Беларусі ўзгадвае паэтка і журналістка Валярына Кустава. У кватэру да паэткі і тэлевядоўцы, а таксама да яе бацькоў і на афіцыйную працу сілавікі прыйшлі ў пачатку чэрвеня, але яе дома не аказалася.
І гэта, як яна лічыць, уратавала ад арышту. Неўзабаве журналістка выехала ў Польшчу, пазней да яе вывезлі і двухгадовую дачку. Усе падрабязнасці расказвае Валярына Кустава, а найперш адказ на пытанне: ці быў час, каб прыпыніцца і падумаць:
– Усё было настолькі гвалтоўна, што часу збіраць рэчы не было. Я ўвогуле не збірала рэчы, я паехала ў тым, у чым я была не заходзячы дадому. Я настолькі не верыла, што мне давядзецца з’ехаць, я настолькі не хацела з’язджаць, што я папросту не рыхтавала нейкі чамаданчык. Я выйшла з хаты на паўгадзінкі, а ў гэты час прыйшлі сілавікі, каб уварвацца ў кватэру і забраць мяне.
РР: Не было такога, што ты не ведала, што рабіць?
– Натуральна, што калі гэта адбылося, то я не ведала што рабіць. Сапраўды была такая сітуацыя пэўнай роспачы, але дзякуй Богу ў гэты момант мне прыйшлі на дапамогу сябры і самы вядомы ў Беларусі фонд, які пераследуецца. Па сутнасці фонд By_Help арганізаваў маю тэрміновую эвакуацыю. Перадусім дзякуючы ім я цяпер знаходжуся не ў СІЗА, не за кратамі, а дыхаю вольным паветрам. Таксама немагчыма не падзякаваць праваабарончай арганізацыі „Вясна” і калегам з „Белсату”, якія таксама зрабілі свой унёсак. Фонд проста неверагодна хутка гэта ўсё арганізаваў, мяне вывезлі з краіны. Натуральна, што калі ты з тэлефонам, які разраджаецца, у горадзе, ты не можаш гэтага арганізаваць. Ты ўвогуле слаба разумееш, што табе рабіць.
РР: Чаму ты называеш гэта менавіта эвакуацыяй?
– Таму, што гэта нестандартныя шляхі выезду з Беларусі. Натуральна, што быў вялікі шанец, што мяне могуць не выпусціць, калі проста набыць квіток і проста паляцець ці паехаць. Гэта адмысловыя спосабы, якія займаюць некалькі сутак, каб выбрацца з краіны, адмысловымі шляхамі. Натуральна, што падрабязней не выпадае гаварыць, каб іншыя людзі пасля маглі выкарыстоўваць гэтыя шляхі. Натуральна, што была менавіта эвакуацыя, калі цябе пільнуюць сябры гэтага фонду і кожны твой крок спрабуюць акуратна правесці, каб ты не трапіў у лапы сілавікоў.
Цалкам гутарку слухайце ў перадачы „Месца для прэсы”:
Па інфармацыі адваката, у Беларусі Валярына Кустава – стала фігуранткай як мінімум дзвюх крымінальных спраў — за падаткі і за фінансаванне парушэння грамадскага парадку (артыкулы 342 і 243 КК). Каб знайсці пацверджанні віны, як сцвярджае сама Валярына, супраць яе прымушалі сведчыць знаёмых.
Беларускае Радыё Рацыя