Вандала, які пашкодзіў Палонкаўскі помнік, чакае суд



Знойдзены вандал, які знішчыў табліцу з QR-кодам каля Палонкаўскіх гістарычных камянёў. У гэтым месцы 355 гадоў таму гетманы Павел Сапега і Сцяпан Чарнецкі разбілі войска маскоўскага ваяводы Івана Хаванскага.

„Вандалам аказаўся жыхар з вёскі Палонка”, – кажа старшыня суполкі Таварыства беларускай мовы ў Баранавічах Віктар Сырыца :

– Вось не шанцуе Палонкаўскім гістарычна-культурным помнікам. У 1994 годзе вандалы разбурылі драўляную шыльду ў ганар палонкаўскай перамогі. У 2000 годзе мы аднавілі яе, зрабілі каляровай, прыгожай, але праз два месяцы таксама знішчылі гэтую драўляную шыльду. Цяпер у 2014 годзе ўсталявалі таблічку з QR-кодам, але і яе зламалі, вырвалі з зямлі.

Знайшоў злаўмысніка ўчастковы інспектар старэйшы лейтэнант Аляксандр Неўдах. Цяпер вандала чакае суд.

Беларускае Радыё Рацыя