Вартаўнікі паняволі



Паводле апошніх дадзеных Міністэрства працы ды сацыяльнай абароны, у краіне ўпершыню за апошнія гады колькасць беспрацоўных перасягнула па ліку наяўнасць свабодных рабочых месцаў. Зрэшты, гэта зусім не тычыцца вартаўнікоў, якіх толькі ў Менску патрабуецца 1200. Акурат у гэту “свабодную” прафесію ідзе досыць масавы зыход прадстаўнікоў творчых прафесій. І хоць падобнай афіцыйнай статыстыкі не існуе, нават наўскід свой звычайны занятак па розных, у тым ліку, палітычных прычынах, вымушаныя былі змяніць сотні, а мо і тысячы людзей.

Адмыслоўцы такі рух называюць „сістэмным” ды „пратэстным”, што прытойвае ў сабе небяспеку як для ўлады, так і духоўнага здароўя  грамадства ў цэлым. Зрэшты, да свайго некалі новага занятку – пэўны час вартаваў будаўнічую фірму – тэатральны рэжысёр Валеры Мазынскі сёння ставіцца не без гумару.

Валеры Мазынскі: Трэба глядзець, каб днём не вынеслі тыя, якія працуюць. А ноччу прыйдзе бомж які-небудзь, дык можаш з ім яшчэ пафіласофстваваць (смяецца).

Валер Мазынскі

Імкненне адасобіцца ад надакучлівага соцыўма дзеля найбольш поўнага ды свабоднага самавыяўлення вечнае, як сама творчасць. Узгадаем хаця б славутага Дыягэна ў бочцы. У 60-80-ыя гады мінулага стагоддзя рух у вартаўнікі сярод савецкіх дысідэнтаў рыхтаваў крах камуністычнай сістэмы. У старажоўках нараджаліся геніяльныя вершы, карціны, кінасцэнары, песні, якія распаўсюджваліся саматугам альбо да часу захоўваліся на паліцах.

Лідар культавага піцерскага рок-гурта „Кіно” Віктар Цой некалі распавядаў мне, што ўсе лепшыя гіты створаныя ім па начох пры бляклым асвятленні качагаркі, якую ён вартаваў. Вартаваў і нобелеўскі лаўрэат Іосіф Бродскі. Кажа філосаф ды публіцыст, вартаўнік з шасцігадовым стажам Валянцін Акудовіч.

Валянцін Акудовіч: Самыя чуйныя – Цой, Бродскі – прадчувалі, што праз нейкі час выбухне лава, попел, дым і грукат. Зараз у нас беларусы не адчуваюць нерва будучыні. Мы знаходзімся ў сітуацыі контррэфармацыі. Контррэфармацыя таксама скончыцца, верне нас да сітуацыі 90-ых гадоў. І таму няма чаго прадчуваць. Мы ўжо пражылі гэтую эпоху. І вось гэта шмат хто не разумее з тых, хто падымаў хвалю Адраджэньня, хто яе трымаў. Не разумее, што незалежна ад Лукашэнкі нашая эпоха павінна была б скончыцца, і мы б апынуліся сам-насам з часам. Сістэмны масавы зыход у вартаўніцтва – гэта кропка, якую эпоха ставіць намі…

Тым не менш, матывацыі зыходу ў вартаўнікі ды ацэнкі свайго стану ў творцаў часам дыяметральна супрацьлеглыя. Перакананы Уладзімір Міхарскі, экс-рэжысёр забароненай рэжымам, самай папулярнай ды рэйтынгавай у 90-я тэлепраграмы „Крок”.

Уладзімір Міхарскі: Я заўтра пайду на БТ і скажу: я хачу зрабіць тое і тое. Ніколі мне гэтага не дазволяць! Калі б я рабіў гэта ў той жа Празе ці Нью-Ёрку, мне б сказалі – пакажыце свае работы. Тут гэтага не скажуць. Я здаў некалькі заявак. Ніхто не сказаў, дрэнна гэта ці добра. Я, як прышэлец з Луны – ніколі не бачылі рэжысёра, які начамі вартуе аўтамабілі. Нябыт…

Уладзімір Міхарскі

У свае часы вонкава зыход у вартаўнікі Валерыя Мазынскага адбыўся пасля ліквідавання з прычынаў невыноснага падаткавага ціску ягонага тэатра „Вольная сцэна”. Але, насамрэч, гэта амаральнасць нораваў, якія склаліся ў творчых асяродках. Незапатрабаванасць сапраўднага Творцы, якая штурхае яго ва ўнутраную эміграцыю. Лічыць спадар Валеры:

Валеры Мазынскі: Гэта не збег, а самазахаванне. Вельмі складана існаваць сярод сяброў, калегаў, якіх я асудзіць ня маю права і ў той жа час я так не магу. Гэтыя кампрамісы мяне зжыраюць проста. Таму зараз я добра сплю. Мне б рэалізаваць тое, што ў мяне ёсць. Я думаў, што буду пісаць, чытаць многа, але дудкі. Якраз пішацца, аказваецца, не тады, калі часу шмат вольнага, а калі ты актыўны. Тут жа нірвана і дужа доўга знаходзіцца вельмі цяжка і небяспечна, па-мойму…

У завочную палеміку са старэйшымі ўступіў Уладзь Давыдоўсукі, мастак па адукацыі, былы бас-гітарыст культавага ж рок-гурта „Мроя”. Цяпер ён аўтар дзесяткаў дэтэктываў, якія выйшлі ў Маскве, але напісаныя начнымі вартамі ў Менску.

Уладзь Давыдоўскі: Я не лічу, што мы ператвараемся ў вартаўнікоў. Ёсць шмат магчымасцяў для рэалізацыі. Калі ты белы ды пушысты, ты павінен даказаць, што твой свет мацнейшы. Ты павінен усім працаваць на гэта, а не сыходзіць у затворніцтва! Беларусь такая, якая ёсць. І трэба не ўздымацца на неверагодную вышыню часоў ВКЛ, Сапегі. Перамога павінна быць не ў адной-дзвух адзінках. Гэта барацьба за кожнага чалавека. Трэба пераканаць сваіх ворагаў. І менавіта такія людзі, мне здаецца, прынясуць прагрэс грамадству. Яны застануцца…

Мроя

Філасофскае рэзюмэ знаёмага ўжо сп. Валянціна Акудовіча. Чым жа зыход беларускіх творцаў у вартаўнікі абернецца дзеля будучыні?

Валянцін Акудовіч: Плюсаў тут шмат . Упершыню мы маем масавы супраціў інтэлегенцыі – непрыняцце антымаральнасці , антыбеларускасці, антысвабоды – тое, што ім спрабуе навязаць рэпрэсіўная ўлада. Калі свядомасць народа ўкладае ў сваю матрыцу, што ” гэта было”, гэта дае спадзеў. Як 10 чалавек у 68-ым годзе выйшлі на Чырвоную плошчу супраць акупацыі Чэхаславаччыны. І таму, я думаю, адбываецца нараджэнне новага тыпу беларуса…

РР: Што страчвае ад гэтага будучае пакаленне?

Валянцін Акудовіч: Зноў давядзецца даганяць. Мы жывем у сістэме камунікатыўнага грамадства. Вярнуць да тае сітуацыі нельга, але шкада часу…

Валянцін Акудовіч

Таму зыход “у вартаўнікі” будзе працягвацца – і па ўсёй краіне. Насуперак патрабаванню Лукашэкі на сённяшняй урадавай нарадзе “захаваць кваліфікаваныя кадры”.

Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя