Васіль Бераснеў: Ніякага паляпшэння на Аршаншчыне не заўважаем
Адзін з найбольш праблемных рэгіёнаў Беларусі — Аршаншчына — пэўны час таму асобным прэзідэнцкім указам атрымала фінансавыя выключэнні для вядзення бізнэсу. Жыхарам Воршы і раёна некаторыя прадпрымальнікі сталі нават зайздросціць у сувязі з эксперыментам. Дык ці ёсць падставы для гэтага? Ці зменшылася на Аршаншчыне беспрацоўе, ці павялічыліся заробкі, ці наладзіўся дыялог з уладай? Пра гэта з прадстаўніком прафсаюзу РЭП па Воршы Васілём Берасневым размаўляў Кастусь Багушэвіч.
РР: Васіль Ціханавіч, першае пытанне. Ворша знаходзіцца пад пільным прыцэлам, пад увагай уладаў наконт вяртання з руінаў, попелу. Як зараз адбываецца гэты ўздым з улікам таго, што ў горадзе можа быць з’явіліся магчымасці новыя?
Васіль Бераснеў: Абставіны такія, што ў Воршы, калі глядзець так звонку, нейкае намаганне працуе. Пра гэта сродкі масавай інфармацыі гавораць. Пра гэта пэўныя кіруючыя колы нам даводзяць. Але працоўныя не адчуваюць на сабе. Заробкі не павысіліся. Пенсіі толькі вось нядаўна нязначна павышаліся ўсім у Беларусі. Не павялічваецца колькасць працоўных месц. У нас усё роўна больш звальняюць, чым прымаюць на новую працу. Цэнтр занятасці, які працуе ў Воршы, адсочвае гэтую сітуацыю і яны заяўляюць, што беспрацоўе ў Воршы змяншаецца. Змяншаецца колькасць людзей, якія становяцца на ўлік беспрацоўных. Таму што за 25-30 рублёў у месяц выжыць немагчыма, калі зарэгістраваўся ў Цэнтры занятасці. Таксама абавязкова трэба адпрацаваць на нейкіх агульных работах. Таксама трэба пастаянна паказвацца ў Цэнтр занятасці. Таму людзі шукаюць работу самастойна, працуюць, выязджаюць, ці гэта работа сезонная, ці работа ў замежжы, шмат у нас людзей выязджае працаваць у замежжа, цяпер больш едуць у Польшчу, у Літву. У Расею зменшылася. Сказаць, што якасць жыцця палепшылася – немагчыма. Цэны растуць. Штрафы павялічваюцца. Гляджу, на 2020 год зноўку ўнесены лічбы па штрафах, якія будуць з народа браць і з юрыдычных асоб. Потым гэтыя грошы пойдуць на сілавыя структуры і органы, якія кантроль вядуць. Кожны тыдзень раённая газета друкуе, колькі нарадзілася і колькі памерла. І колькасць памерлых амаль кожны тыдзень у два разы большая за тых, хто нарадзіўся. Мала ствараецца маладых сем’яў. Гэта бачна. Моладзь не бачыць выхаду.
Цалкам размова ў гукавым файле:
Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя