Васіль Бераснеў: Прафсаюз пакуль трымаецца
Пазачарговы з’езд прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці перанесены на студзень будучага года.
У размове з Радыё Рацыя пра падрыхтоўку з’езда і сітуацыю ў прафсаюзе распавёў кіраўнік арганізацыі Васіль Бераснеў:
– Мы рыхтаваліся да правядзення з’езда, праходзілі сходы ў рэгіёнах па вылучэнні дэлегатаў на з’езд. Амаль усё было зроблена, але тут справу ўсё ж закранула пандэмія, і па просьбе з месцаў мы вырашылі, што не будзем рызыкаваць гэтай праблемай. Мы яго перанеслі на другую палову студзеня.
РР: Можа, будучы год будзе ўсё ж больш добрым для грамадскіх арганізацый. Што плануеце абмеркаваць на з’ездзе? Якія галоўныя пытанні?
Васіль Бераснеў: У нас праходзіў дзясяты чарговы з’езд, а гэта ўжо пазачарговы. У адсутнасць старшыні прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці мы павінны абраць на гэту пасаду новага чалавека. Я часова замяшчаю кіраўніцтва прафсаюза і ўжо па стане здароўя, па ўзросце не магу далей цягнуць гэтую “лямку”. Таму будзем абіраць. І трэба дабраць у склад рэвізійнай камісіі прадстаўнікоў з Гарадзенскай і Менскай абласцей. У нас па кожнай вобласці павінен быць прадстаўнік, які будзе кантраляваць паступленне ўнёскаў, ды іншыя праблемы, звязаныя з фінансава-гаспадарчай дзейнасцю.
РР: А якая зараз увогуле сітуацыя ў прафсаюзе? Ваша арганізацыя таксама цярпела моцныя рэпрэсіі і пад крымінальным пераследам знаходзіцца і зараз.
Васіль Бераснеў: Пакуль нам нічога не кажуць пра тыя вобшукі, якія былі. Ужо перасталі з цэнтральнага офіса выклікаць на допыты, але па рэгіёнах нашых людзей прыцягваюць да адказнасці, выклікаюць на размовы, пагражаюць некаторым за ўдзел і прапануюць выйсці з прафсаюза. Прафсаюз пакуль трымаецца.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя