Васіль Бераснеў: Сілавыя структуры заняліся мужчынамі
Амаль два месяцы па ўсёй краіне штодня праходзяць пратэсты супраць дыктатарскага рэжыму Лукашэнкі. Але пратэст змяняецца. З адкрытых маршаў людзі нярэдка пераходзяць на так званыя партызанскія акцыі.
Спыніліся шэсці і мітынгі ў Воршы, але людзі не здаліся. У горадзе з’яўляюцца ўлёткі і графіці з заклікамі да страйкаў і акцый непаслушэнства незаконнай уладзе, напярэдадні на асвятляльнай вежы аршанскага цэнтральнага стадыёна вывесілі нацыянальны бел-чырвона-белы сцяг.
Міліцыя ж па загадах зверху не супакойваецца і пераследуе ўдзельнікаў старых акцый, – кажа прадстаўнік Хельсінскага камітэта Васіль Бераснеў.
– Сілавыя структуры — КДБ і міліцыя заняліся мужчынамі і ў асноўным выцягваюць тых, якія былі на мітынгах, на пратэстах, і іх штрафуюць, садзяць на суткі. Праўда, не даюць ім вельмі шмат, як раней. Але ўсё ж такі па 10, 20 базавых штрафу і таксама 5-10 сутак арышту.
На думку Васіля Бераснева, калі за амаль два месяцы Лукашэнку не ўдалося здушыць пратэсты, гэта значыць, што яны ўрэшце і знішчаць ягоную ўладу. Але сілавыя структуры ў замяшанні і нічога, акрамя пераследу людзей, зрабіць не могуць. Неўзабаве павінна адбыцца пагаршэнне ўмоў жыцця, і тады тым больш пратэсты не спыніць.
Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя, Ворша
Фота: belhelcom.org