Васіль Корабаў: Афіцыйны прафсаюз сябе дыскрэдытаваў
Федэрацыя прафсаюзаў сваю ролю абаронцы працоўных ад наймальніка не выконвае. Нявыплаты за працу, звальненні, якасць і працягласць адпачынку працоўных – сведчаць толькі пра тое, што прафсаюзы не змагаюцца за працоўных пры заключэнні дамоваў з наймальнікамі.
Кажа Васіль Корабаў – каардынатар незалежнага прафсаюза РЭП па Гарадзеншчыне.
– У пракуратуры ёсць такая пасада – пракурор па наглядзе. Вось прафсаюз – гэта пракурор па наглядзе за выкананнем калектыўнага пагаднення на прадпрыемстве. Вось, напрыклад, прафсаюз гарнякоў на РУП “Беларуськалій”. Яны праводзяць паседжанні некалькі разоў на год разам з наймальнікам. І яны абмяркоўваюць праблемы і дамаўляюцца.
Добры прыклад для беларускіх прафсаюзаў – досвед суседняй Польшчы, дзе прафсаюз „Салідарнасць” дамогся не толькі паляпшэння сацыяльнага статусу рабочых, але і змяніў палітычны вектар краіны. Гаворыць Васіль Корабаў:
– Мне прыпомніліся словы Леха Валенсы, які сказаў, што прафсаюз мусіць быць увесь час у вайне з наймальнікам. Гэта значыць, з краінай, з Саветам міністраў, з працадаўцам. І толькі калі ўзнікне нейкая іншая сіла звонку і нападзе на нашую краіну, мы станем у адзін шэраг і будзем бараніць разам сваю краіну.
У Беларусі амаль не засталося рынку арганізацыяў, якія займаліся б скаардынаванай сацыяльнай абаронай працоўных. Тыя нешматлікія прадстаўніцтвы незалежнага прафсаюза РЭП не робяць надвор’я працоўнаму руху. А афіцыйны прафсаюз сябе поўнасцю дыскрэдытаваў.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня