Васіль Корабаў: З-за «металалому» не стаў кандыдатам
Кіраўнік рэгіянальнай гарадзенскай суполкі незалежнага прафсаюза РЭП Васіль Корабаў не быў зарэгістраваны кандыдатам у гарадзенскі гарадскі савет з-за старой машыны, пра існаванне якой ён ўжо забыўся:
— Мяне, на вялікі жаль, не зарэгістравалі, бо недзе знайшла камісія, што ў мяне калісьці, у канцы васьмідзясятых гадоў быў набыты аўтамабіль ВАЗ 21063, які ўжо даўно згніў. У мяне і папер няма, не ведаю дзе яны, але сказалі, што гэта істотнае парушэнне падатковай дэкларацыі.
РР: Будзеце рабіць з гэтым нешта? Падаваць у суд?
— Я не веру ў гэтыя выбары. Ніколі не хаджу на іх, і не веру гэтым людзям, там сядзяць нафталіншчыкі.
Яго калегу, сябра прафсаюзу РЭП і Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ігара Банцара зарэгістравалі і ён ужо гатовы да канкурэнтнай барацьбы
— Мяне зарэгістравалі па Гарадзенскай выбарчай акрузе № 29. супраць мяне ідзе дэпутат, якой я ў вочы сказаў, што вельмі прыемна бачыць дэпутата першы раз за чатыры гады, бо вас у акрузе ніхто ніколі не бачыў, і што вы робіце ў акрузе ніхто ніколі не ведае. Яна нічога на гэта не адказала і проста прайшла міма. Будзем змагацца.
Актывісты ўжо з панядзелка распачынаюць агітацыйную кампанію і апроч паходаў «ад дзвярэй да дзвярэй» плануюць праводзіць пікеты ў розных частках горада.
Беларускае Радыё Рацыя