Васіль Палякоў: Адчуваецца, што Леаніда Судаленкі няма на сваім працоўным месцы
55-ці гадовы юбілей адзначае гомельскі праваабаронца, шматдзетны бацька і журналіст Леанід Судаленка. Свой Дзень народзінаў ён сустракае ў турме, куды яго змясцілі ў пачатку 2021 года нібыта за фінансаванне і арганізацыю пратэстаў у 2020 годзе. Суд над Леанідам Судаленкам праходзіць у закрытым рэжыме, куды не пускаюць нават родных. Гомельскі палітык Васіль Палякоў канстатуе, што пасля затрымання Леаніда Судаленкі ў грамадска-палітычным цэнтры па вуліцы Палескай стала менш наведнікаў.
– Леанід Судаленка амаль увесь час знаходзіўся на працы і безумоўна да яго прыходзіла нашмат больш людзей, таму што прававая дапамога зараз вельмі актуальная. Да яго звярталіся, тэлефанавалі, прыходзілі, атрмлівалі кансультацыі і гд. Зараз, калі я прыходжу на працу, то звычайна тут альбо адзін, альбо яшчэ нехта прыходзіць. Няма такой офіснай працы, якая была раней. Зразумела, адчуваецца, што Леаніда няма на сваім працоўным месцы.
Леанід Судаленка – вядомы гомельскі праваабаронца, лаўрэат прэстыжнай прэміі Французскай Рэспублікі “Свабода – Роўнасць – Братэрства”. За сваю дзейнасць неаднаразова пераследваўся ўладамі, атрымліваў пагрозы на адрас сям’і і праходзіў праз ператрусы. Быў затрыманы 18 студзеня 2021 года па дарозе на працу. З гэтага часу знаходзіцца ў Гомельскім СІЗА №3.
Беларускае Радыё Рацыя