Васіль Палякоў: Аляксея Губіча варта прызнаць палітзняволеным



24-гадовага гомельца з рэдкай хваробай асудзілі на 3 гады калоніі агульнага рэжыма за гвалт у дачыненні да невядомага амапаўца.

Фота nv-online.info

Аляксея Губіча, які пакутуе на захворванне вачэй (кератаконус) і мае патрэбу ў аперацыі, суддзя Віктар Казачок адправіў у турму нібыта за тое, што на адной з акцый пратэсту маладзён нанёс фізічную шкоду спецназаўцу, прозвішча якога схавалі пад псеўданімам Іваноў. Наталля, маці асуджанага, гаворыць, што спачатку сына спрабавалі абвінаваціць у іншых эпізодах.

– Мы хадзілі ў Следчы камітэт як на працу. Даказвалі невінаватасць сына. У выніку мы даказалі, што ніякіх удараў сын Шапавалаву не нанасіў. Абвінавачванне знялі. Але Следчаму камітэту трэба было апраўдаць тое, што сын знаходзіўся ў СІЗА па незаконнаму абвінавачванню. І яму прад’явілі другое абвінавачванне. Што сын нанёс не менш аднаго ўдара амонаўцу.  

Праваабаронца Васіль Палякоў перакананы, што Аляксея Губіча варта прызнаць палітзняволеным.

– Аляксей Губіч павінен быць прызнаны палітзняволеным, таму што тут відавочны палітычны складнік. Не было публічнасці, ніхто не дапускаўся на судовыя паседжанні. Таму казаць, наколькі справядліва праводзілася разбіральніцтва вельмі складана, калі ўвогуле можна пра гэта казаць.

Аляксей Губіч быў затрыманы ў канцы верасня 2020 года за тое, што падчас “Марша справядлівасці” ў Гомелі здзейсніў напад на міліцыянта Паўла Шапавалава. Аднак пазней справу перафармулявалі, абвінаваціўшы гамельчука ў нападзе на спецназаўца.

Беларускае Радыё Рацыя