Васіль Палякоў: дзяржава абмежавала маё права на мірныя сходы
Камітэт па правах чалавека ААН прызнаў, што беларускія ўлады парушылі правы намесніка старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі (АГП) Васіля Палякова на правядзенне мірнага сходу.
Як паведаміў Палякоў, тэкст рашэння на ангельскай мове, прынятага Камітэтам 17 ліпеня ён атрымаў па пошце.
– Яны палічылі, што дзяржава неабгрунтавана абмежавала маё права на мірныя сходы. Яшчэ ў 2008 годзе я замаўляў пікет, мне адмовілі ў сувязі з тым, што я не прыклаў дамову з гарадскімі службамі. Камітэт палічыў, што гэтыя ўмовы не павінным быць перашкодай для таго. каб я мог рэалізаваць сваё права.
Васіль Палякоў хацеў правесці ў Гомелі масавае мерапрыемства з мэтаю агітацыі грамадзян не прымаць удзел у парламанцкіх выбарах, якія праходзілі ў краіне 28 верасня 2008 года.
У сваім рашэнні Камітэт заявіў, што беларускія улады парушылі права заяўніка на свабоду правядзення мірнага сходу паводле артыкулу 21 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах.
Кастусь Бандарук, Беларускае Радыё Рацыя