Васіль Палякоў: Працую ў праваабарончай структуры



Былы старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Васіль Палякоў распавёў, чым ён займаецца пасля таго, як пакінуў выбарчую пасаду.

Нагадаем, што Васіль Палякоў быў абраны кіраўніком АГП 8 ліпеня, змяніўшы ў гэтым крэсле Анатоля Лябедзьку. Але ўжо праз два з паловай месяцы звярнуўся да Палітсавета партыі з заявай аб складанні паўнамоцтваў кіраўніка арганізацыі. Адстаўка была прынята.

Васіль Палякоў: Зараз займаюся тым, чым і раней – працую ў Гомелі ў межах адной праваабарончай ініцыятывы. Мы дапамагаем людзям у падрыхтоўцы скаргаў у Камітэт па правах чалавека ААН. У той жа час застаюся шэраговым сябрам АГП.

РР: Не шкадуеце, што пакінулі пасаду старшыні Аб’яднанай партыі?

Васіль Палякоў: Не шкадую, бо тыя праблемы, якія ёсць у партыі, я ўсё роўна не вырашыў бы. Калі ў некага атрымаецца гэта зрабіць, то будзе добра. Я ўжо казаў раней, што ў мяне былі крыху іншыя ўяўленні пра працу на кіруючай пасадзе. Думаеш пра нейкія ідэалы, а аказваецца, што трэба вырашаць пытанні інфраструктуры. Таму лепш рабіць тое, што ў цябе атрымліваецца.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя