Васіль Палякоў: Улада ў Гомелі можа дазволіць канцэрт да 100-годдзя БНР



У Гомелі могуць дазволіць святочны канцэрт у адным з гарадскіх дамоў культуры. Такая інфармацыя прагучала на сустрэчы прадстаўнікоў грамадскасці з намеснікам старшыні Гомельскага гарвыканкама Віталём Атаманчуком.

Намеснік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Васіль Палякоў лічыць, што ўлада дэманструе гатоўнасць ісці на кампрамісны варыянт у справе святкавання 100-годдзя Беларускай Народнай Рэспублікі.

– Такія рашэнні прымаюцца не на ўзроўні гораду. Гэта прымаецца на ўзроўні рэспублікі. І гледзячы па тым, што ёсць дазвол у Менску, ёсць дазвол у Гародні, хутчэй за ўсё тут таксама будзе дазвол. Сустрэча не была канфліктнай, гэта больш кампрамісны варыянт.

Гомельскі архітэктар Сяргей Ляпін таксама прысутнічаў на сустрэчы з намеснікам старшыні гарвыканкама. Ён мяркуе, што на змяненне стаўлення ўладаў да гісторыі БНР мог паўплываць і замежны фактар.

– Калі 100 год таму была зруйнаваная Расейская імперыя, гэта дало парад суверэнітэтаў, і ўсе нашыя суседзі адзначаюць гэтае свята. Яны адзначаюць нашмат больш цывілізавана. Нашмат больш прыгожа. І відаць вось гэтая плынь, яна таксама паўплывала на пазіцыю ўладаў.

На мінулым тыдні гомельскія грамадскія дзеячы, палітыкі і журналісты звярнуліся ў гарвыканкам з просьбай прадаставіць залу для святочнага канцэрта з нагоды Дня Волі. Афіцыйнага адказу ад мясцовых уладаў пакуль што няма.

Беларускае Радыё Рацыя