Васіль Палякоў: Улады хочуць прынізіць статус Курапатаў



Новы старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Васіль Палякоў распавёў пра першыя дні працы ў арганізацыі і сітуацыю вакол Курапат.

Нагадаем, што Васіль Палякоў быў абраны лідарам АГП 8 ліпеня гэтага году, таму на новай пасадзе пакуль яшчэ асвойваецца. Але кажа, што “працы хапае”.

Васіль Палякоў: Наша партыя таксама ўзяла на сябе абавязальніцтвы па абароне Курапатаў, таму панядзелак – дзень варты АГП. Я асабіста быў там і ведаю, што за сітуацыя склалася. Акрамя таго, збіраемся правесці акцыю салідарнасці з прафсаюзам РЭП, бо суд над яго лідарамі пачынаецца ўжо 30 ліпеня. У планах таксама правядзенне Палітсавета.

РР: Што думаеце пра тое, што адбываецца ў Курапатах?

Васіль Палякоў: Мне падаецца, што ў гэтай сітуацыі ёсць прамы інтарэс уладаў, якія зацікаўлены ў тым, каб прынізіць статус месца, дзе ў сталінскія часы масава расстрэльвалі людзей. Ім было б лепш, каб народ пра гэтую старонку гісторыі менш успамінаў і гаварыў. Але пакуль усё атрымліваецца наадварот.

Калі ж ацэньваць сітуацыю з пункта гледжання маралі, то тут вялізная віна і на ўласніках рэстарана, якія будавалі яго ў непасрэднай блізасці ад такога месца. Але разам з тым падкрэслю, што ў першую чаргу тут павінны несці адказнасць улады, якія далі дазвол на скарачэнне ахоўных зонаў ля Курапатаў і саму пабудову.

РР: Ці падтрымліваеце вы сувязь з былым кіраўніком партыі Анатолем Лябедзькам?

Васіль Палякоў: Безумоўна. Не так даўно была нарада з яго ўдзелам, мяркую, што будзе ён прысутнічаць і падчас працы нашай партыйнай школы і на Палітсавеце. Да таго ж, Анатоль працягвае працу ў некатрых накірунках, якія вёў раней.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя