Васіль Шлындзікаў: Гэта падобна да нейкага езуіцтва
Экс-кіраўнік прадпрыемства “Амкадор” Васіль Шлындзікаў заявіў, што “пераслед бізнесмена Мураўёва ніякага дачынення да права не мае”.
Былы ўласнік “Мотавела” Аляксандр Мураўёў выступіў у судзе з апошнім словам. За нясплату падаткаў яго ўжо асудзілі да 11 гадоў зняволення, а зараз ізноў судзяць па тым жа самым артыкуле. Новы прысуд па “справе Мураўёва” агучаць 30 траўня.
Васіль Шлындзікаў: Пераслед бізнесмена падобны да нейкага езуіцтва. Ніякага дачынення да права гэта не мае. Калі яму дададуць тэрмін зняволення, то гэта будзе трывожны сігнал для ўсіх уласнікаў холдынгаў. Бо, калі нейкае прадпрыемства гэтага холдынга зробіць памылку, нешта недаплоціць (а зрабіць памылку вельмі проста, бо законы і кодэксы вельмі заблыталі), то кіраўнік холдынга пойдзе ў турму. Але па той жа логіцы трэба судзіць і міністраў за нясплату падаткаў прадпрыемствамі, бо яны ж іх курыруюць.
РР: Суд над Мураўёвым можа пагоршыць інвестыцыйны клімат у Беларусі?
Васіль Шлындзікаў: Інвестары, безумоўна, прымуць інфармацыю да ведама. Але расейскія інвестары, як я бачу, думаюць, што яны тут будуць гаспадарамі, як у сябе дома. Гэтыя не баяцца ўкладваць грошы. Да пэўнага часу, пакуль не пачнуцца праблемы. А заходнія інвестары пакуль не вельмі спяшаюцца ў Беларусь. Хто пойдзе ў краіну, дзе замест юрыспрудэнцыі інквізіцыя?
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота tut.by