Васіль Якавенка быў і застанецца НАБАТАМ – чарнобыльскім і пісьменніцкім



Памёр Васіль Цімафеевіч Якавенка, беларускі пісьменнік, эколаг, грамадскі дзеяч, першы і нязменны рэдактар дагэтуль адзінай пасля Чарнобыля газеты “Набат”, што разыходзілася па прасторах былога СССР. Голас Васіля Якавенкі неаднаразова гучаў на хвалях нашага радыё.

…Ён заўжды быў і застанецца чарнобыльцам – ад пачатку нараджэння Зоны. Дзе ў зоне ж адчужэння апынуліся яго родныя Васілевічы. Пасля былі шматлікія не аднагадовыя падарожжы па забруджаных радыяцыяй раёнах. У 1991-96 гадах набатам на ўвесь свет грымнула заснаваная ім аднайменная ж і адзіная ў сваім кшталце газета “Набат”, нязменным рэдактарам якой з’яўляўся. Рэдагаваў сайт “Мы-нацыя!”, быў заснавальнік і кіраўніком сацыяльна-экалагічнага саюза “Чарнобыль. А яшчэ – у яго пісьменніцкім багажы да трох дзясяткаў уласных кніг ды ўдзел ў калектыўных зборніках. Перад зыходам выйшла з друку доўгачаканая і апошняя аповесць “АБЯРЭГ”.

Публікуем адно з апошніх інтэрв’ю з Васілём Якавенкам:

РР: Спадар Васіль, Вам не прыгадваецца ўзніклае апошнімі гадамі слоўца “прыцярпеласць” – у тым ліку, адносна Чарнобыля?

Васіль Якавенка: Пры “камунізьме” жыццё будавалася такім чынам, каб прыхаваць, калі што дрэннае, замоўчыць, знівеліраваць – “а мо абыдзецца”. Таму УСЁ не з-за таго, што бракуе інфармацыі. Я ж таксама прыйшоў да разумення Чарнобыля не ў родных забруджаных Васілевічах, а адразу пасля аварыі ва ўрадавай бібліятэцы. Знайшоў кніжку, перакладзеную з англійскай мовы, пра ўплывы радыяцыі на чалавечы арганізм. Праз нейкі час, калі ўжо пачаў займацца “тэмай”, зноў хацеў звярнуцца да яе. Аж не – знішчылі, як і ўсё праўдзівае тады. Але я ўжо стаў ездзіць у Зону – Хойніцкі, Рэчыцкі раёны. Пасля Магілёўшчына, дзе наогул забаранялася гаварыць пра наступствы радыяцыі. І гэта ішло з “вышынь” абкама партыі.

РР: Пасля вашых гэтых вандровак, мабыць, і ўзнік “Набат” у 1991 – унікальная і адзіная “чарнобыльская” газета, што праіснавала 5 наступных год. Пра якую Алесь Адамовіч з павагай гаварыў, што цяпер праўда пра Чарнобыль “пастаянна дзеючая”…

Васіль Якавенка: Пісьменнік Адамовіч проста малайчына! Ён не толькі першым паведаміў планеце праўду пра Чарнобыль. Але і пра тое, што на Магілёўшчыне штучная радыяцыя, якую свядома “пасеялі” чыноўнікі з тагачаснага Палітбюро КПСС. Яны з дапамогай летакоў рассеялі і “пасадзілі” радыяцыйныя воблакі, што прамой хадой рушылі на Маскву. Такім чынам, зрабілі з Магілёўшчыны ды Гомельшчыны атамны палігон. Таму калі першы нумар “Набата” з’явіўся ў друку, я быў гатовы яго расцалаваць! Неўзабаве адкрылася, што апрача Беларусі і Украіны, у нас з’явіліся падпісчыкі ад Піцера да Далёкага Усходу. А на суседняй Браншчыне ўлады нават сталі забараняць газету для публічнага продажу.

Сітуацыя і зараз больш чым недарэчная. Бо пра МАГАТЭ яшчэ ў тым жа “Набаце” пісалі, што гэта, нібы, аўтарытэтная міжнародная арганізацыя, калі ўбачыць злачынныя недахопы, тым ня менш, не можа забараніць будаўніцтва. Больш таго, як адкрылася, спакойна і маўкліва назірае за няўвязкамі ў Астраўцы, атрымліваючы дывідэнды ў свой бюджэт. Значыць, мае пастаянную падтрымку ад мафіёзных розных атамных лобі. Нам застаецца чакаць калі станцыю пабудуюць – і запрацуе пасля ці не. Грамадскасць спрабавала ладзіць пікеты, узвышаць голас супраць будаўніцтва на “чарнобыльскіх шляхах”, але ведаем, што заканчвалася ўсё пасадкамі і штрафамі. Еўропа таксама чамусьці дзіўнавата-абыякава ставіцца да Астравецкай пагрозы, нібы, калі што, да іх не дакаціцца.

РР: Тым больш, Вы, як геолаг па адукацыі, ведаеце, што будаўніцтва вядзецца на так званым геаграфічным разломе і што можа ў часе эксплуатацыі АЭС адбыцца, не скажа ніводзін акадэмік…

Васіль Якавенка: Пэўна ж! Улада, увогуле, ў грош не ставіла меркаванні вучоных, што давалі экспертныя ацэнкі “супраць” злачыннай будоўлі, паказвалі шкоду яе для Беларусі. Што зараз рабіць? Ды нічога – чакаць…

РР: Пакуль не ўзарвецца?!

Васіль Якавенка: Хіба так. А тады галаву будзем пасыпаць чарговым чарнобыльскім попелам і некага клясці. Найперш сабе… Эліта найперш павінна ўсвядоміць – МЫ НАЦЫЯ! Бо тады разам выйдзем да нашых БЕЛАРУСКІХ ВЫШЫНЬ.

У далучаным гукавым файле – больш падрабязныя ўспаміны пра Васіля Цімафеевіча яго блізкіх сяброў – прафесара Кастуся Лапко і паэта ды навукоўца Алеся Клышкі, які некалькі гадзін таму прысвяціў яму наступныя радкі:

Без ляманту, без крыку і без слёз – ён адышоў у ціхую далечу

Анёл у белым Дух яго ўзнёс да Госпада на тайную сустрэчу.

Не чутна скарг на лёс і на жыццё – і на каго пакінуў нас заўчасна

І быццам бы не спынена жыццё таго, хто свет пакінуў – зорка згасла…

Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя