Васіль Якавенка: Нацыянальнае – гэта фашызм?



Беларускі пісьменнік Васіль Якавенка распавядае, чаму ён усё-такі вырашыў звярнуцца ў пракуратуру з заявай аб узбуджэнні крымінальнай справы супраць старшыні праўладнага Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалая Чаргінца.

У заяве на імя пракурора Менска Васіль Якавенка напісаў, што на адной з апошніх прэс-канферэнцый Чаргінец падчас публічнага выступлення “дапусціў хлуслівыя домыслы, якія ганьбяць мой гонар”.

Раней кіраўнік Саюза пісьменнікаў так патлумачыў, чаму ён і сябры яго Саюза супраць таго, каб творы Васіля Якавенкі і Уладзіміра Арлова былі ўключаны ў школьныя праграмы: “Яны адкрыта праслаўляюць фашызм і патрабуюць назваць у Мінску вуліцу іменем Вільгельма Кубэ, гаўляйтара Беларусі ў гады нацысцкай акупацыі”. І яшчэ: “Гэтыя пісьменнікі спрабуюць вярнуць часы фашызму ў Беларусі. Мы, канечне, супраць такіх кніг”.

Якавенка лічыць, што дзеянні М.Чаргінца падпадаюць пад прыкметы ч.2 арт.188 Крымінальнага кодэкса Беларусі, а таму прапануе пракуратуры ўзбудзіць справу аб прыцягненні старшыні СПБ да адказнасці.

Васіль Якавенка: Спачатку я хістаўся наконт таго, ці падаваць заяву ў пракуратуру, але затым вырашыў, што справядлівасць трэба адстойваць у любым выпадку.

РР: Заява Чаргінца была для вас нечаканай?

Васіль Якавенка: Абсалютна нечаканай! Хаця такая заява выклікала нават не слёзы, а смех, таму я і блізка да сэрца яе не ўспрыняў. Бо казаць, што я праслаўляю фашызм – гэта такое глупства, якому нават цяжка знайсці тлумачэнне. Хаця, магчыма, такія заявы прагучалі і свядома. Зараз змяняецца сітуацыя ў грамадстве, набіраюць сілу нацыянальныя каштоўнасці. Вось і вырашылі ляснуць па людзях, якія, напэўна, не самым горшым чынам прапагандавалі гэтыя каштоўнасці. Можа быць, гэта такі пратэст супраць нацыянальнага? Магчыма, ва ўяўленні Чаргінца нацыянальнае – гэта фашызм?

РР: Вы спадзяецеся, што пракуратура справядліва разбярэцца ў сітуацыі?

Васіль Якавенка: Калі нават не будзе справядлівага разбіральніцтва, то ўсё роўна атрымаем станоўчы вынік. Сітуацыя будзе асвятляцца праз СМІ і яскрава пакажа, хто і ў якім становішчы апынуўся.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя