Васіль Якавенка: Пагрозы ад АЭС ніколькі не зменшыліся
“Атампраект” да канца году забяспечыць Беларускую АЭС дакументацыяй для ажыццяўляення будаўніцтва на працягу ўсяго 2015 г. Чаму беларусы, якія не так даўно перажылі страшэнную Чарнобыльскую трагедыю, так лёгкадумна і абыякава ставяцца да будаўніцтва новай АЭС? Аб гэтым разважае кіраўнік Беларускага сацыяльна-экалагічнага саюза “Чарнобыль” Васіль Якавенка.
Нагадаем, праект Астравецкай АЭС быў распрацаваны спецыялістамі ААТ “Атампраект” з Санкт-Пецярбурга. Увесці ў эксплуатацыю 1-ы энергаблок АЭС запланавана на 2018 г, другі – на 2020 г.
Васіль Якавенка: Прычына таго, што народ маўчыць, даволі банальная – атупенне людзей. І для гэтага меліся псіхафізічныя і сацыяльна-палітычныя нагоды. Зараз умовай выжывання кожнага чалавека, заціснутага у сілавых уладных абдымках, з’яўляецца прынцып: не надта паказвай сябе, а то будзе горш. Людзі жывуць адным днём. Таму і няма падтрымкі неардынарных асобаў, якія адкрыта паказваюць на шкоду і смяротную небяспеку ад АЭС.
РР: Якія асноўныя пагрозы нясе новая атамная станцыя? Ці пры новых тэхналогіях бяспека гарантавана?
Васіль Якавенка: Як казаў нехта з вядомых: адносна спакойна чалавек можа адчуваць сябе толькі ў труне. Пра якую гарантаваную бяспеку можна сёння казаць, калі нядаўна свет ізноў скалануўся пасля трагедыі на АЭС у Японіі? Няўжо японцы са сваімі перадавымі тэхналогіямі не думалі пра бяспеку? Пагрозы ад атамнай станцыі за тыя дзесяцігоддзі пасля Чарнобыльскай катастрофы ніколькі не зменшыліся, бо, па вялікаму рахунку, тэхналагічнае абсталяванне засталося тое ж. А вось залежнасць ад Расеі з будаўніцтвам „сваёй” АЭС толькі ўзрасце. Тым больш, спецыялісты кажуць, што і рынак для электраэнергіі невялікі. Але ж усе змірыліся і з гэтым. Самі засоўваем галаву ў пастку.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота svaboda.org