Васіль Яварчук: Выйсці на волю затрыманым дапамагу асабіста



Прадпрымальнік, дырэктар дзвюх IT-кампаній Васіль Яварчук, які выступіў на мітынгу ў Гародні, узяў на сябе функцыю дапамогі выхаду на волю затрыманым па палітычных справах.

Кажа Васіль Яварчук:

– Зараз наша першая задача – вызваліць зняволеных, якія знаходзяцца ў турмах і пастарунках, таму што да нас паступае шмат сведчанняў, што іх там збівалі і катавалі. І першай задачай мы паставілі вызваліць гэтых людзей. На сённяшні дзень па нашых сведчаннях УУС горада Гародня і Гарадзенскай вобласці сапраўды вызваліла вялікую колькасць людзей, якія былі затрыманыя падчас пратэстаў. Сёння нам вядомы лічаныя людзі, якіх дасюль трымаюць у міліцыі, па іх вядуцца перамовы непасрэдна з начальніка УУС Гарадзенскай вобласці.

Васіль просіць усіх сяброў і знаёмых затрыманых звяртацца да яго асабіста праз сацыяльныя сеткі.

– Калі зараз вядома пра тое, што ўсё яшчэ ўтрымліваюцца людзі ў ізалятарах, у турмах па гэтых справах у Гародні і Гарадзенскай вобласці, або яны жыхары Гародні і Гарадзенскай вобласці і былі тут затрыманыя і пераведзеныя ў нейкія іншыя вобласці, я прашу звяртацца, даваць гэтыя звесткі мне асабіста і мы будзем цэнтралізавана весці перамовы з упраўленнем унутраных спраў пра статус гэтых людзей, пра іх вызваленне, пра змену меры стрымання, пра спыненне адміністрацыйных працэсаў.

Па неафіцыйных дадзеных, у Гародні падчас акцый мінулага тыдня затрымана каля 500 гарадзенцаў, частка з якіх атрымалі штрафы, аднак была вялікая колькасць людзей, якія атрымалі адміністрацыйныя арышты. Людзі, якія атрымалі так званыя “суткі” адбывалі іх не толькі ў Гародні ў ІЧУ, іх таксама завозілі ў Ваўкавыск, Слонім ды іншыя гарады Гарадзенскай вобласці.

Беларускае Радыё Рацыя