Васіль Завадскі: Мяркуем, што Аўтуховіча вывозілі з СІЗА на экспертызу
Ліставанне са зняволеным у следчым ізалятар КДБ грамадскім актывістам Міколам Аўтуховічам, які праходзіць па крымінальнай справе быццам бы за тэрарызм, стала больш рэгулярным.
Па словах праваабаронцы, кіраўніка прасаюзу РЭП Васіля Завадскага, ён атрымаў ужо некалькі лістоў ад Аўтуховіча. Як лічыць праваабаронца, магчыма, затрыманага актывіста вывозілі з СІЗА на псіхолага-псіхіятрычную экспертызу.
– На працягу тыдня Мікола недзе адсутнічаў. Ёсць у нас падставы меркаваць, што ён быў на экспертызе псіхолага-псіхіятрычнай. Я так думаю, што гэта дзяжурная працэдура, напэўна, для асоб, якія абвінавачваюцца па такіх цяжкіх артыкулах, па якім спрабуюць абвінаваціць, як мы ведаем, Міколу.
Як піша Мікола Аўтуховіч у сваіх лістах, пасля перанесенага каронавірусу стан здароў’я не вельмі здавальняючы. Увесь час да яго „чапляюцца” прастуды. Таму просіць дасылаць яму лекі і багатыя вітамінамі садавіну і гародніну, – распавёў Васіль Завадскі. Таксама ён дзякуе за лісты і прывітанні з волі. І што, нягледзячы на ўсе цяжкасці, спадзяецца на лепшае.
Беларускае Радыё Рацыя