Васіль Завадскі склаў з сябе паўнамоцтвы старшыні незалежнага прафсаюза РЭП
Старшыня незалежнага прафсаюза РЭП Васіль Завадскі паведаміў калегам аб складанні з сябе кіруючых паўнамоцтваў, гаворыцца на сайце арганізацыі.
„Савет РЭП атрымаў заяву ад старшыні прафсаюза Васіля Завадскага аб складанні паўнамоцтваў з 19 красавіка, — адзначаецца ў паведамленні на сайце. — Справа ў тым, што кіраўнік прафсаюза пад пагрозай крымінальнага пераследу вымушаны быў выехаць за мяжу. Кіраваць прафсаюзам з-за мяжы ён не бачыць магчымасці, а калі абставіны дазволяць вярнуцца на радзіму — невядома”.
Заяву Завадскага савет РЭП разгледзіць 22 мая. Да пасяджэння савета абавязкі старшыні будзе выконваць першы намеснік Васіль Бераснеў. „А там савет вырашыць, што рабіць далей”, — заявіў часовы кіраўнік прафсаюза.
Раней прэзідыўм прафсаюза вырашыў правесці пасяджэнне савета 24 красавіка, аднак з-за заявы Завадскага і неабходнасці завяршыць зверку членаў прафсаюза сустрэчу аднеслі на месяц наперад.
16 лютага ў цэнтральным офісе незалежнага прафсаюза РЭП у Менску прайшоў пяцігадзінны вобшук. Завадскі пасля вобшуку паведаміў на сваёй старонцы ў „Фэйсбуку”, што з офіса забралі тэлефоны, ноўтбукі, друкаваныя матэрыялы, асабістыя грошы.
„Непрыемным сюрпрызам стала „знаходка” паляўнічага патрона ў канапе на кухні, — напісаў прафсаюзны лідар. — Хто бываў у нашым офісе, ведае, колькі людзей там пабывала, але, вядома, патрон у канапе — гэта дакладна правакацыя”.
Ён расцаніў дзеянні сілавікоў як „чарговую спробу задушыць” незалежны прафсаюз РЭП.
Неўзабаве пасля гэтага Завадскі пакінуў краіну.