Васіля Завадскага падазраюць у дачыненні да справы Аўтуховіча?
“Канфіскаваны ўсе ноўтбукі, жорсткія дыскі са стацыянарных камп’ютараў, – каментаваў днямі старшыня незалежнага прафсаюза РЭП Васіль Завадскі нядаўнія вобыскі ў офісе прафсаюза. – Людзей, якія праводзілі ператрус, вельмі зацікавіла невялікая сума грошай, знойдзеная ў сейфе. Пачалі задаваць пытанні, але гэта былі мае асабістыя грошы”. Таксама падчас вобыску ў офісе РЭП знайшлі патрон.
У “Фэйсбуку” Васіль Завадскі распавёў пра некаторыя падзеі, якія папярэднічалі ягонаму ад’езду: “На мінулым тыдні прыехаў на пошту атрымаць бандэроль. А мне кажуць: “Тут на ваша імя перавод вярнуўся”. Аказваецца, гаворка ішла аб пераводзе, які я дасылаў Мікалаю Аўтуховічу яшчэ 10 снежня, але ён яго не атрымаў, яму далі распісацца аб вяртанні. Я кажу: “Дык я зараз адпраўлю яго зноў Аўтуховічу”. Жанчына, якая працуе на пошце, натуральна, нічога супраць не мае. Пачынае ўводзіць звесткі, пытаецца пра мае пашпартныя дадзеныя і здзіўляецца: пішуць, што Аўтуховіч – тэрарыст і пераводы яму не прымаюцца. “Ой, тут напісана, што вы – асоба, якая знаходзіцца пад кантролем!” А я і сам бачу, што на яе маніторы пачаў міргаць чырвоны знак STOP. На пошце!”
“Магу сказаць, што выбар быў складаны, – распавёў Завадскі пра свой ад’езд. – Аднак пераважыла простая логіка: знаходзячыся тут, у Вільні, я змагу працягваць дапамагаць іншым. Знаходжанне ў камеры СІЗА запатрабавала б дапамогі мне.
Усе падрабязнасці пакуль раскрываць не магу, скажу толькі, што ўдзячны Богу за надзейных сяброў і добрых людзей!”.