Вацлаў Арэшка: Настаў час, калі зноў трэба захоўваць



На Дзень ушанавання памяці продкаў Дзяды ў Менску ўпершыню з 1988 года з-за пагрозы арыштаў з боку ўлады не было традыцыйнага шэсця ў Курапаты. Не адбылася там таксама ўшанавання ў ноч расстраляных паэтаў Аднак шмат людзей у выходныя прыходзілі ў гэты мемарыял, каб аддаць даніну памяці ахвярам сталінскіх рэпрэсіяў, якія пахаваны там.

У размове з Радыё Рацыя пра неабходнасць памятаць урокі гісторыі, таму што інакш яны паўтараюцца, разважае сябра грамадскай ініцыятывы „Эксперты ў абарону Курапатаў” Вацлаў Арэшка:

–  Вельмі сумна, па-першае, што такая тэма як Курапаты, таксама пала ахвяраю ўсіх гэтых падзеяў. У гэтым плане можна вінаваціць не толькі ўладу, але і тых, хто неразумна правакаваў грамадства на тое разбурэнне грамадскай прасторы, якое зараз адбылося.

Што нам рабіць? Не першы раз, баюся, што не апошні ў беларускай гісторыі – пасля таго, як камяні раскіданыя, трэба іх збіраць. І зараз застаецца цяжкая, сумная, мазольная праца па збіранні камянёў, па збіранні людзей. Спадзяюся, што, можа, пройдзе некаторы час, хочацца верыць, што не так шмат, і нешта адродзіцца. Бо пакуль людзі жывыя, можна спадзявацца.

РР: Усе памятаюць 80-90-ыя гады, калі стала масава з’яўляцца гэта праўда пра рэпрэсіі сталінскіх часоў, жахлівых і маштабных. Але такое ўражанне, што грамадства ўрокаў з той праўды не вынесла, і зноўку паўтараецца па тым жа коле.  

Вацлаў Арэшка: На жаль, мне падаецца, так у пэўнай ступені і ёсць. Кожнае пакаленне пачынае адкрываць і гісторыю, і ўсё астатняе па новай. Сёння мы ўбачылі сітуацыю, калі шмат хто з той моладзі, якая прыйшла, не хачу нічога сказаць дрэннага пра гэтую моладзь, цікавая і мужная, настолькі адарваныя аказаліся ад мінулага. І гэтыя ўрокі трэба ўлічваць на будучае. Нельга разрываць пакаленні, нельга разрываць сувязь, таму што гэта б’е па нас саміх.  

РР:  А ўлада ж таксама павінна нейкія ўрокі выносіць, таму што калі памятаеце тыя часы, паглядзець, напрыклад, на сайце КДБ спіс кіраўнікоў НКУС 20-30 гадоў, то па 1953 год усе былі расстраляныя.

Вацлаў Арэшка: Той, хто сёння пры ўладзе застаўся, ён хутчэй не думае пра тое, што будзе заўтра ці паслязаўтра, а прынцып, мабыць, як у мальчыша-кібальчыша – нам ноч прастаяць і дзень пратрымацца. І гэта бачна. Галоўная палітыка ў тым, каб знішчыць як мага болей, каб нічога не засталося. Мне падаецца, што зараз менавіта такі падыход з іхняга боку. А не будзе сведкаў, не будзе і пакарання. Мы павінны гэтымі сведкамі застацца. Настаў час, калі зноў трэба захоўваць: памяць, інфармацыю, людзей.  

І чакаць гэтага адраджэння памяці і праўды пра злачынствы ўладаў супраць народу доўга не прыйдзецца, –  спадзяецца Вацлаў Арэшка.  

Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:  

Беларускае Радыё Рацыя