Ватыкан кананізуе Маці Тарэзу
Урачыстасці з нагоды кананізацыі Маці Тарэзы Калькуцкай пройдуць 4-га верасня, паведамляе Радыё Ватыкана. Працэс беатыфікацыі Маці Тарэзы быў сама кароткім.
Чакаецца вялікая колькасць вернікаў на пляцы Святога Пятра. Урачыстую імшу будзе служыць Папа Рымскі Францыск.
Удзел у імшы возьмуць больш 10 кіраўнікоў дзяржаваў і ўрадаў. Афіцыйная цырымонія кананізацыі будзе адбывацца напярэдадні 19-й гадавіны яе смерці. Манашка, якая нарадзілася ў 1910 годзе ў македонскім Скоп’е, працавала ў індыйскай Калькуце, дзе стварыла дабрачынную хрысціянскую місію. Там яна памерла ў 1997 годзе ў веку 87 гадоў.
У 1979 годзе маці Тарэза стала лаўрэаткай Нобелеўскай прэміі міру. Праз 6 гадоў пасля сваёй смерці Рымскім Папам Янам Паўлам ІІ яна была абвешчана блаславёнай пасля самага кароткага ў гісторыі каталіцкага касцёлу працэсу беатыфікацыі.
У 2016 годзе Кангрэгацыя Ватыкану прызнала цудадзейным ацаленне 35-гадовага бразільца, які паміраў на аперацыйным стале, але выжыў дзякуючы малітве сваёй жонкі да маці Тарэзы. Паводле сведчанняў лекараў і іншых відавочцаў смяротна хворы мужчына з пухлінай мозгу імгненна і невытлумачальна ацаліўся.
У сталіцы Македоніі Скоп’е Маці Тарэзу шануюць надзвычай, яе выявы там паўсюль, створаны адпаведны хрысціянскі цэнтр яе імя, каля якога пастаўлены помнік.
Беларускае Радыё Рацыя, фота Уладзіміра Хільмановіча