Ватыкан пайшоў на беспрэцэдэнтны крок з прычыны каронавірусу
Ватыкан пайшоў на беспрэцэдэнтны крок з прычыны каронавірусу: усе набажэнствы Пакутнага тыдня з удзелам Папы Францішка будуць праходзіць без удзелу вернікаў, – расказвае «Голас Амерыкі».
Для вернікаў, асабліва ў Рыме, Вялікі тыдзень будзе не такі, як звычайна. З прычыны ўспышкі каронавірусу нікому не дазволяць наведаць ні адной са службаў. Вялікія натоўпы людзей на плошчы Святога Пятра сёлета будуць немагчымыя. Вернікі змогуць глядзець набажэнствы ў інтэрнэце альбо па тэлебачанні, але ніхто ня зможа прыняць у іх актыўнага ўдзелу.
Звычайна Вялікі тыдзень – адзін з самых загружаных перыядаў года, калі дзясяткі тысяч вернікаў з усіх канцоў свету сцякаюцца ў Рым, каб адсвяткаваць Уваскрашэнне Ісуса Хрыста. Пакуль невядома, як будуць праходзіць папскія службы і дзе менавіта, – Ватыкан не паведаміў дэталяў.
Беларускае Радыё Рацыя
