Ваўкавыск пад акупацыяй: размова з Мікалаем Быхаўцавым
Ваўкавыск падчас Другой Сусветнай вайны пацярпеў двойчы: і ў 1941, і ў 1944 гадах. Увогуле пасля вайны гэты горад на Гарадзеншчыне давялося адбудоўваць: цалкам былі знішчаныя цэнтр і шматлікія вуліцы.
Пра гэта ў нашым эфіры распавядаў краязнаўца, аўтар кнігі “Нямецкая акупацыя Ваўкавышчыны” Мікалай Быхаўцаў:
— Ваўкавыск моцна пацярпеў два разы. Першы раз з 22 чэрвеня 1941 года Ваўкавыск пачалі бамбардаваць нямецкія самалёты. Бомбы сыпалі на Ваўкавыск аж да 28 чэрвеня. Увесь цэнтр быў знішчаны, таксама, як і вуліцы, якія адыходзілі ад рынкавай плошчы. Другі раз горад пацярпеў падчас вызваленне Чырвонай Арміяй. Баі праходзілі з 14 ліпеня 1944 года.
Як кажа краязнаўца, падчас вайны былі знішчаныя ўсе архівы Ваўкавыска, таму знайсці інфармацыю па гісторыі горада ў перыяд Другой сусветнай – не проста. Мала інфармацыі захавалася і ў іншых архівах і бібліятэках, у тым ліку ў Беластоку. Адна з прычын гэтага ў тым, што пасля вайны савецкая гістарыяграфія была ўзятая пад пільны ідэалагічны кантроль партыйных органаў, таму многія факты і статыстыка замоўчваліся або фальсіфікаваліся. Сярод іх і факты знішчэння габрэйскага насельніцтва, і інфармацыя пра лагеры ваеннапалонных, пра польскі і габрэйскі руху супраціву ды іншыя.
Таму большасць матэрыялаў у кнізе Мікалая Быхаўцава “Нямецкая акупацыя Ваўкавышчыны. 1941-1944” – гэта тое, што захавала памяць людзей:
— Можа больш за 50 адсоткаў – гэта тыя ўспаміны, якія я запісаў і знайшоў у асобных людзей. То бок, фактычна ва ўсіх главах сваёй кнігі я спасылаюся на людскія ўспаміны, гэта вельмі цікавыя факты.
Цікавым фактам ёсць і тое, што Ваўкавышчына падчас вайны трапіла ў Беластоцкую акругу (Bezirk Bielastok), і такім чынам апынулася адрэзанай ад астатняй часткі Беларусі. Межы акругі ахоўваліся нямецкімі жаўнерамі.
— Сама Беластоцкая акруга была створаная праз месяц пасля нападу немцаў на Савецкі Саюз. Яна падпарадкоўвалася Усходняй Прусіі. У Беластоцкім ваяводстве за месяц стварылася грамадзянская адміністрацыя. Bezirk Bielastok падпарадкоўваўся непасрэдна самаму Гітлеру, але ад яго імя ўся ўлада перадалася яго таварышу па нацысцкай партыі Эрыху Коху. Звычайна Кох наведваў Беласток раз у месяц, каб заслухаць справаздачу ад сваіх падначаленых. У Беластоку нават мелася дзве рэзідэнцы Коха: адна ў палацы Браніцкіх, а другая – у палацы Любамірскіх.
Кніга “Нямецкая акупацыя Ваўкавышчыны. 1941-1944” аўтарства Мікалая Быхаўцава выйшла ў 2015 годзе накладам 250 асобнікаў. Наклад вельмі хутка разышоўся, таму знайсці кнігу цяпер можна хіба толькі ў бібліятэках.
Цалкам гутарка з краязнаўцам — у далучаным гукавым файле.
Яна Запольская. Беларускае Радыё Рацыя