Ваўкавыскі актывіст змог прыціснуць мясцовых чыноўнікаў
Прамоўца Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі падчас мінулай мясцовай кампаніі 2014 году ў Ваўкавыску Аляксандр Сезень дамогся ад уладаў публікацыі спісу дэпутатаў райсавету на афіцыйным сайце раёна.
Нягледзячы на тое, што кампанія скончылася летась у сакавіку, спісу не было дагэтуль.
„За нядобрасумленнае выкананне службовых абавязкаў, якія выявіліся ў неапублікаванні спісу новага складу раённага Савету на сайце Ваўкавыскага райвыканкаму да адказнасці прыцягнутыя службовыя асобы раённага Савету дэпутатаў”, – гаворыцца ў адказе ад старшыні райсавету дэпутатаў Віталя Навіцкага Аляксандру Сезеню:
– Што робіць старшыня Ваўкавыскага савету дэпутатаў, калі за год ён ні разу не зазірнуў на сайт раённага савету дэпутатаў і не аддаў загад абнавіць інфармацыю. Мне прыйшоў адказ з Гарадзенскага абласнога савету дэпутатаў, што будуць прынятыя меры супраць тых, хто не абнавіў сайт і змяніў інфармацыю пра дэпутатаў. Трэба ўсім грамадзянам не баяцца, можа яны пачнуць тады працаваць і справаздачыцца перад выбаршчыкам, а не сядзець там для галачкі і з усім пагаджацца.
Пры гэтым у адказ на просьбу апублікаваць справаздачы дэпутатаў за мінулы год на старонках раённай газеты, Віталь Навіцкі паведаміў, што ўсе дэпутаты зрабілі свае справаздачы перад выбаршчыкамі, а публікаваць яны іх не абавязаныя.
„Насамрэч, толькі адзін дэпутат і той толькі пасля звароту ў пракуратуру, зрабіў справаздачу па сваёй Школьнай акрузе № 13. Астатняе – гэта суцэльная фікцыя і хлусня пра справаздачы дэпутатаў”, – адзначыў Аляксандр Сезень.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя