«ВАЖНА! Адкрыты зварот да актывістаў, грамадскіх і палітычных суб’ектаў Берасця»



З такіх словаў пачынаецца адозва да гараджанаў у сувязі з падзеямі ў Берасці 11 кастрычніка, падчас пратэстаў супраць вынікаў выбараў.

«Гвалт і паліцэйскае беззаконне зноў запанавала на вуліцах нашага гораду», – кажа аўтар дакумента, берасцеец Віктар Клімус:

-Я зрабіў гэты заклік, бо лічу, што грамадства Берасця зараз мусіць максімальна кансалідавацца і выйсці з патрабаваннем спынення гвалту і міліцэйскага свавольства на вуліцах горада. Так як мы гэта зрабілі 16 жніўня. Былыя ўлады мабыць палічылі, што пратэсты становяцца менш мнагалюднымі. Гэта натуральная з’ява. Немагчыма, каб вялікая частка грамадства актыўна пратэставала пастаянна. Але ж трэба разумець, што настрой і рашучасць людзей нікуды не зніклі. І мы будзем дамагацца гэтых пераменаў і мы патрабуем, каб гэтыя працэсы былі максімальна цывілізаваныя і мірныя ў першую чаргу з боку сілавых органаў Беларусі.

Зварот закачваецца словамі «…давайце разам падумаем, што яшчэ мы можам зрабіць, каб хутчэй прачнуцца ў вольнай Беларусі».

***

ВАЖНА! Адкрыты зварот да актывістаў, грамадскіх і палітычных суб’ектаў Берасця.

Гвалт і паліцайскае беззаконне зноў запанавала на вуліцах нашага гораду. Учора была рэкордная за апошні месяц колькасць затрыманняў. Узровень гвалту да мірных дэманстрантаў непрапарцыйна высокі. Закон і права не працуе ва ўсёй Беларусі.

 Мы не маем права з гэтым мірыцца!

І толькі салідарны, масавы адказ усяго грамадства можа выправіць сітуацыю. Мы гэта ўжо праходзілі 9 – 16 жніўня. Калі пасля спробы сілавога разгону пратэстоўцаў у горад выйшлі дзесяткі тысяч берасцейцаў, і паказалі ментам і чыноўнікам, што за кожным актыўным пратэстоўцам стаяць сотні і тысячы гараджан. Іх не збіць і не запалохаць!  Зараз актыўна пратэстуюць сотні, максімум тысяча берасцейцаў. І мабыць, прыхільнікам былога прэзідэнта пачалося здавацца, што за імі больш нікога няма. Альбо няма больш сілаў падтрымаць самых лепшых і самых актыўных.

Гэта не так!

Я не папракаю тых, хто апошнім часам адвлёкся ад актыўных пратэстаў на карысць забеспячэння сваіх сем’яў, працы, вучобы, пабудовы персанальнай будучыні. Але агульную лепшую будучыню сабе і сваім дзецям мы пакуль яшчэ не забяспечылі. А таму заклікаю ўсіх, па магчымасці, вярнуцца да актыўнага пратэсту!

Лічу, гэта важна зрабіць акурат ЗАРАЗ!

КОЖНЫ ДЗЕНЬ – збіраемся раёнамі, працоўнымі калектывамі ці сваімі сацыяльнымі супольнасцямі – на ланцугі салідарнасці, добраўпарадкаванні прастораў ці вечаровыя імпрэзы! Вялікі дзякуй сталым людзям, якія сёння яскрава засведчылі сваю пазіцыю і гатоўнасць яе адстойваць.

НЯДЗЕЛЯ 14:00 – нам трэба вяртацца на галоўную плошчу гораду,

І ПАТРАБАВАЦЬ спынення гвалту і міліцэйскага свавольства.

Заклікаю актывістаў, грамадскія і палітычныя суб’екты гораду аб’яднаць высілкі ў барацьбе за правы і свабоды ўсіх нас. Кансалідаваць свой досвед, рэсурсы і магчымасці.

Распаўсюджвайце інфармацыю, калі згодныя з такімі прапановамі, і давайце разам падумаем, што яшчэ мы можам зрабіць, каб хутчэй прачнуцца ў вольнай Беларусі!

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце