“Вечар без гвалту” прайшоў у Менску
Мэта гэтага мерапрыемства — звярнуць увагу на праблему гвалту, бо сітуацыя ў Беларусі пагаршаецца. Так, у 2018 годзе ад гвалту ў сям’і загінула 48 чалавек, а за першае паўгоддзе 2019 года – ужо 55 чалавек.
У межах мерапрыемства была паказана выстава “Кожная трэцяя”. Яе назва невыпадковая, бо па статыстыцы менавіта кожная трэцяя беларуска ў сваім жыцці падвяргалася гвалту. Таксама прайшла лекцыя-дыскусія пра гендэрныя ціскі і стэрэатыпы, з якімі можа сутыкнуцца кожны — як жанчыны, так і мужчыны. Акрамя гэтага, было падпісана і адпраўлена каля 300 святочных паштовак.
Кажа каардынатарка ініцыятывы “Маршыруй, дзетка!” Аляксандра Савініч:
– Мы далі людзям магчымасць адправіць паштоўку, павіншаваць каго-небудзь з тым, што ў Беларусі праходзіць кампанія „16 дзён актыўнага дзеяння супраць гендэрнага гвалту”, і распаўсюдзіць гэтую ідэю пра тое, што гвалт у Беларусі ёсць, але з ім трэба штосьці рабіць. Нам патрэбны закон.
Паштоўкі можна было адправіць як сваім сваякам і сябрам, так і тым дзяржаўным органам, установам і людзям, якія тым ці іншым чынам могуць быць звязаны з тэмай гвалту ў Беларусі – гэта розныя міністэрствы, Генеральная пракуратура, Адміністрацыя прэзідэнта ды інш. Таксама сярод адрэсатаў былі і тыя мітрапаліты, якія выказваліся супраць прыняцця ў Беларусі закону аб хатнім гвалце.
Менавіта падчас святочных дзён статыстыка гвалту ў сям’і рэзка ўзрастае, таму кожнае свята — гэта не толькі радасць, але і гора, — адзначыла Аляксандра Савініч.
Арганізатары мерапрыемства: ОО „Радислава” / NGO Radislava, Останови насилие, НГО „Центр по продвижению прав женщин – Её права”, МОО „Гендерные перспективы”, Беларусская национальная платформа Форума гражданского общества Восточного партнерства, ініцыятыва „Маршыруй, дзетка!”.
Беларускае Радыё Рацыя, Менск