Вечарына памяці Цімоха Вострыкава і Рыгора Клімовіча



У Гомелі прайшла вечарына памяці герояў антысавецкага супраціву. У грамадска-палітычным цэнтры па вуліцы Палескай у межах Дня Волі адбылася тэматычная сустрэча, на якой выступалі сваякі і знаёмыя палітвязняў сталінскіх лагераў Цімоха Вострыкава і Рыгора Клімовіча. Праваабаронца Алесь Яўсеянка згадвае Цімоха Вострыкава, які, нягледзячы на 25 год турмы і пастаянны нагляд спецслужбаў, не адракаўся беларускай справы.

– Ён шмат беларускіх песняў ведаў, фальклор. Добра ведаў беларускую літаратуру, гісторыю. Калі выйшла праца Міколы Ермаловіча, новая альтэрнатыўная гісторыя Беларусі, Вострыкаў ужо меў напрацоўкі па гэтых момантах, якія адлюстраваныя ў працах Ермаловіча, і ён крытыкаваў Ермаловіча, што той трошкі недзе не даглядзеў.

Юрый Клімовіч распавёў прысутным пра свайго бацьку Рыгора Клімовіча, які быў адным з кіраўнікоў паўстання вязняў у Нарыльскім лагеры.

– Фармаванне майго бацькі як чалавека працягвалася ў месцах зняволення. Пачынаючы з 45-га года пайшлі масава ў лагеры украінскія нацыяналісты – сотнямі тысячаў. Літаральна вёскамі Заходняй Украіны. Ён у Савецкім Саюзе такіх людзей не сустракаў, несавецкіх людзей, якія проста адкрыта казалі, што мы змагаліся супраць савецкай улады, змагаемся і будзем змагацца.

У гэтым годзе гомельскія дэмакратычныя актывісты плануюць паспрыяць выхаду кнігі, у аснову якой пракладзены расповяд пра жыццё і дзейнасць Цімоха Вострыкава і Рыгора Клімовіча.

[Not a valid template]

Беларускае Радыё Рацыя