Вечарына памяці Станіслава Шабунеўскага



У Гомелі адбылася вечарына, прысвечаная 150-годдзю архітэктара Станіслава Шабунеўскага. Аўтара значнай забудовы цэнтра горада рэпрэсавалі ў трыццатых гадах. Актыўныя гараджане спрабуюць вярнуць памяць пра Станіслава Шабунеўскага. Архітэктар Сяргей Ляпін распавёў прысутным, чаму варта ўзгадваць Шабунеўскага.

Гэта вельмі інфарматыўная архітэктура, і яна вельмі аўтарская. Гэтыя будынкі маюць сваю гісторыю, і менавіта ягоныя аб’екты пераважаць дзейнасць і Джона Кларка сваёй колькасцю, яны пераважаць сваім стылем дзейнасць савецкіх архітэктараў, пасляваенных, напрыклад. І тут Станіслаў Шабунеўскі будзе па-за канкурэнцыяй.

Сярод будынкаў, выкананых па праекце Станіслава Шабунеўскага, – найстарэйшая навучальная ўстанова Гомельская мужчынская гімназія, гасцініца «Савой» і Дом-камуна. Таксама пад наглядам архітэктара ствараўся гарадскі вадавод. Вечарына, прысвечаная памяці Станіслава Шабунеўскага, адбылася пры падтрымцы курсаў “Мова нанова”, інтэлектуальнага клуба “Міжрэчча” і гомельскай філіі БАЖ.

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель