„Вечерний Минск” не апублікаваў перадвыбарную праграму лідара АГП Казлова
Перадвыбарная праграма старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалая Казлова не была апублікаваная ў дзяржаўнай газеце „Вечерний Минск”.
Як паведаміў БелаПАН Казлоў, у рэдакцыі спаслаліся на артыкул 47 Выбарчага кодэкса. Ён прадугледжвае забарону на распаўсюджванне матэрыялаў, якія выклікаюць „сацыяльную варожасць”. АГП запрасіла афіцыйны адказ ад выдання.
„Атрымліваецца, што калі ты крытыкуеш міліцыю, то выклікаеш да яе нянавісць, калі крытыкуеш уладу, то выклікаеш нянавісць да яе. Калі я правільна разумею, цяпер нам застаецца толькі ўсё хваліць. А калі хочаш сказаць, што разумееш, як жывецца людзям, гэта адразу выклікае супраціў уладаў”, — сказаў Казлоў.
Ён паведаміў, што пакуль не вызначыўся, ці будзе размяшчаць праграму ў іншых дзяржаўных выданнях.
Палітык вылучаецца па Старавіленскай выбарчай акрузе № 105 у Менску. У сваёй праграме, апублікаванай на сайце АГП, Казлоў выступае за змяняльнасць улады і сумленныя выбары. Акрамя таго, у ёй адзначана, што „25 гадоў дзейная ўлада будавала моцную i квiтнеючую дзяржаву для народа, а ў выніку атрымалася жабрацкая мафіёзная крымінальная краіна, дзе роля народа звялася да таго, каб трымаць у раскошы членаў адной сям’і і іх набліжаных”.
1 лістапада ў эфір тэлеканала „Беларусь 3” не быў выпушчаны выступ Казлова. „Усё, што ўлада ставіць пад сумнеў, усё, што выканаўцам здаецца непрымальным, яны прыбіраюць наогул. На месцах шкодзяць незалежным кандыдатам, як толькі могуць, яны робяць гэта з усіх сіл. Не размяшчаюць перадвыбарныя праграмы, здымаюць выступы, пазбаўляюць рэгістрацыі кандыдатаў. Гэта выклікана тым, што ўлада адчувае, што людзі не проста ёй незадаволеныя, а яна ім ненавісная”, — лічыць кандыдат.
Мікалай Казлоў, падпалкоўнік запасу, былы старшы оперупаўнаважаны па асабліва важных справах крымінальнага вышуку. Падчас парламенцкай кампаніі 2008 года стаў сведкам таго, як члены адной з выбарчых камісій ноччу ўпотай укідваць бюлетэні ў выбарчыя скрыні. Пасля таго як гэтыя людзі засталіся непакаранымі, у знак пратэсту пакінуў міліцыю. Далучыўся да АГП у 2012 годзе.
Выбары ў Палату прадстаўнікоў пройдуць 17 лістапада.
belapan.by