„ВелаГродна”: Гародня адстае ў развіцці роварнай інфраструктуры
Гародня адстае ў развіцці роварнай інфраструктуры ў параўнанні з суседнімі абласнымі цэнтрамі Беларусі. У горадзе многія раварысты пачуваюць сябе некамфортна праз адсутнасць разметкі на ходніках, разметка не прадугледжвае асобных дарожак для ровара і пешахода.
У Гародні не стае і шмат чаго іншага, – кажа роварны актывіст, адзін з кіраўнікоў грамадскага аб’яднання „ВелаГродна” Іван Найдзёнаў:
– Не ўсе людзі разумеюць, што гэта для раварыстаў, а гэта для пешаходаў. Пешаходы часта ходзяць па веласіпедных сцежках. Але пакрыху людзі прызвычайваюцца да гэтай сітуацыі. Што тычыцца пераезду скрыжаванняў, то сапраўды, трэба вызначаць зоны для пераезду веласіпедыстаў. У Менску гэта зроблена. Я нядаўна быў у Берасці, там гэта ёсць, зялёнай фарбай нанесеныя месцы, дзе можна раварыстам не спешвацца, а проста пераязджаць скрыжаванні. Гэта цудоўна. Ёсць у Берасці. Чаму ў Гародні няма, не ведаю.
Дынаміка ў паляпшэнні варункаў для раварыстаў ёсць. Але яна пакуль не вельмі значная. І яна не ўплывае на кардынальныя змены, якія б паставілі раварыста і аўтамабіліста ўпоравень.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара